Абласная дзіцячая бальніца ў Гомелі выходжвае немаўлят з экстрэмальна нізкай масай цела

6 июня 2020
Прычым спецыялісты сумяшчаюць сучасныя тэхналогіі рэабілітацыі з не зусім традыцыйнымі медыцынскімі метадамі. Сярод найбольш эфектыўных - музыкатэрапія і метад кенгуру. Дзякуючы ім маленькія пацыенты прыходзяць у норму нашмат хутчэй. У іх паляпшаецца апетыт, абмен рэчываў, сардэчны рытм, дыханне і іншыя паказчыкі.  

Пра нестандартны падыход да рэабілітацыі дзяцей - рэпартаж Ганны Кавалёвай. Усяго ў гэтым аддзяленні зараз каля 40 дзяцей. Некаторыя з іх нарадзіліся неданошанымі. І кожнага трэба рэабілітаваць і выпісаць здаровым. Дарэчы, у бальніцы для гэтага ёсць усё самае сучаснае абсталяванне.

Святлана Аксёнчыкава мамай стала ўпершыню. Праўда, яе дачка Юльяна занадта спяшалася сустрэцца з роднымі і нарадзілася раней за тэрмін. Цяпер дзяўчынка ў адмысловым боксе. І ўсё ж адных тэхнічных прыстасаванняў часам недастаткова. У такіх выпадках медыкі рэкамендуюць мамам ужываць метад кенгуру. Гэта ўнікальны, эфектыўны і ў той жа час просты спосаб выратавання неданошаных дзяцей. У яго аснове - матчыны абдымкі.

Для падтрымання цеплавога ланцужка дзіця штодня, на працягу 4-6 гадзін, знаходзіцца ў няспынным кантакце з мамай. Па сутнасці, гэта аднаўленне тактыльнай сувязі, якая з-за ранніх родаў была перапыненая. Дзякуючы метаду ў дзіцяці паляпшаюцца паказчыкі кровазвароту, дыхання, павышаецца болевы парог, ствараецца эфект расслаблення і псіхалагічнай раўнавагі.

Спецыялісты выкарыстоўваюць і іншыя незвычайныя метады рэабілітацыі. Напрыклад, музыкатэрапія – гэта адмыслова падабраныя гукі менавіта класічнай музыкі. Гэта паляпшае абмен рэчываў, нармалізуе сардэчны рытм і аказвае заспакаяльнае ўздзеянне. У выніку рэабілітацыя праходзіць нашмат хутчэй. Падобнае лячэнне за мінулы год тут прайшлі каля сотні дзяцей. Самы маленькі пацыент важыў 480 грамаў. А выпісваўся ўжо на тры з паловай кілаграмы.

Сістэмны падыход у лячэнні дзяцей стаў рэальным пасля рэканструкцыі дзіцячай бальніцы. З тых часоў шанц на жыццё атрымалі сотні нованароджаных беларусаў. Аднаўленчы перыяд у шматлікіх сітуацыях скараціўся. Адкрыліся аддзяленні, якіх раней у горадзе не было зусім. Акрамя таго, з'явілася магчымасць тэлемедыцыны, калі ўдзельнічаць у працэсе анлайн могуць спецыялісты з іншых гарадоў і нават краін.