Забяспечыць аднолькава камфортныя ўмовы працы і вольнага часу для жыхароў гарадоў і вёсак

18 октября 2017

Забяспечыць аднолькава камфортныя ўмовы працы і вольнага часу для жыхароў гарадоў і вёсак, пры гэтым узмацніць самаарганізацыю саміх вяскоўцаў.

Такі тэзіс сёння неаднаразова гучаў на форуме ў Савеце Рэспублікі. Сярод агучаных ініцыятыў - магчымасць памяншэння падаходнага падатку для маладых спецыялістаў, якія працуюць па размеркаванні, паляпшэнне якасці сэрвісу, даступнасць жылля, а таксама захаванне культурнай спадчыны вёскі.

Прыклад развіцця сацыяльнай сферы сяла ўдзельнікі форуму ўбачылі ў гаспадарцы "Азярыцкі-Агра" Смалявіцкага раёна.

Ірына Старавойтава, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Сёння працуюць аграгарадкі, практычна вырашаныя пытанні тэрытарыяльнага ахопу дзяцей дашкольнымі ўстановамі, ажыццёўленая газіфікацыя, развіваюцца цэнтры культуры новага фармату. Гэта фальклор і рамесніцтва. Развіваецца агра- і экатурызм, гэта значыць нам ёсць чым ганарыцца, але разам з тым ёсць і праблемы, якія трэба вырашаць. Таму для нас вельмі важна меркаванне тых, каго мы сёння запрасілі".

Удзельнікамі форуму сталі і дэпутаты сельсаветаў і працаўнікі сельгасарганізацый. Па выніках сустрэчы будзе прынятая рэзалюцыя па ўсіх аспектах развіцця сацыяльнай сферы сяла. Яна стане своеасаблівай "дарожнай картай" у заканадаўчай працы сенатараў.