Пра тых, хто ператварае навагоднюю ноч у чароўную зімовую казку

30 декабря 2016

Дарэчы, асабліва ў навагоднюю ноч святочны настрой непарыўна звязаны з тэлебачаннем. Заўтра, як мы маглі даведацца ў Яўгена Перліна,  нас чакае вялікі святочны тэлемарафон, шмат інфармацыі. У навагоднюю ноч не абыдзецца без сюрпрызаў. І, вядома, ці можна ўявіць наступленне Новага года без традыцыйнага звароту Прэзідэнта за некалькі хвілін да апоўначы. Вялізная колькасць людзей працуе, каб свята адбылося. І гэта не толькі тэлевізійшчыкі. Напрыклад, вадзіцелі грамадскага транспарту. Дарэчы, па сталіцы аўтобусы, тралейбусы і трамваі будуць без стамлення курсіраваць да пяці раніцы. Пра тых, хто ператварае навагоднюю ноч у чароўную зімовую казку - Ян Пашкевіч.

Двухметровы мядзведзь і галасісты талісман 2017-га - пытанне, у чым сустракаць Новы год, артысты гэтага тэатра ўжо даўно вырашылі. Пад звон курантаў ля Палаца спорту пачнецца маскарад, а казачная каманда дапаможа зімоваму чараўніку нікога не пакінуць без шчырай ўсмешкі.

Цудадзейным церамам стала гарадская ратуша. Штодзень увечары казачныя героі запрашаюць дзятву на спектаклі. Тут жа іх жаданні ажыццяўляе і сам гаспадар зімы.

Вядома ж, самы заняты чалавек у навагоднюю ноч - гэта святочны чараўнік Дзед Мароз, вось змаглі злавіць яго толькі на даху ратушы.

 Яскравыя светлавыя дэкарацыі навагодняй казкі стварае Уладзіслаў Лексакоў. На працоўным месцы будзе сустракаць і навагоднюю ноч - пад пералівы салюту размалюе сталічныя будынкі рознакаляровымі гірляндамі лазернага шоу.

Быць за штурвалам навагодняга экспрэса Аляксандру Дзяткову не прывыкаць - за дзесяць гадоў вадзіцель аўтобуса не раз сустракаў бой курантаў у дарозе. Жартуе, што гэта сапраўды выключны  час - толькі ў гэтую ноч можна перавезці дзясяткі Дзедаў Марозаў і пачуць сотні цёплых слоў ад незнаёмых людзей.