Пра самыя цікавыя падзеі з Гродзенскага рэгіёна

11 августа 2018

Дружалюбныя сувязі з кітайскай правінцыяй Фуцзянь устанавіла Гродзенская вобласць. Падчас летніх канікулаў гродзенскія медыкі праводзяць адмысловую акцыю "Лета на здароўе". А ў гродзенскім Фарным касцёле аднавілі старажытны алтар. Больш падрабязна пра самыя цікавыя падзеі з Гродзенскага рэгіёна - у нашым дайджэсце.

Расказвае Юрый Карняловіч.

Гродзенская вобласць устанавіла дружалюбныя сувязі з кітайскай правінцыяй Фуцзянь. Рэгіён з азнаямленчым візітам наведала прадстаўнічая дэлегацыя з Паднябеснай. Госці выказалі зацікаўленасць у культурным і адукацыйным супрацоўніцтве. Асабліва актуальным сёння з'яўляецца ўзаемадзеянне ў сферы турызму. Бязвізавы рэжым павінен паспрыяць прытоку ў рэгіён кітайскіх турыстаў. Не менш актуальны кірунак узаемадзеяння бакоў - гандлёва-эканамічны. Як адзначылі эксперты, запатрабаванымі на кітайскім рынку з'яўляюцца беларуская малочная прадукцыя, лён і прадукты дрэваапрацоўкі.

Акцыя "Лета на здароўе" завяршаецца ў Гродзенскай вобласці. На працягу канікулаў у дзіцячых аздараўленчых лагерах медыкі правялі забаўна-пазнавальныя праграмы з акцэнтам на здаровы лад жыцця. Віктарыны, конкурсы, актыўныя заняткі спортам на адкрытых пляцоўках - гэта толькі невялікая частка мерапрыемстваў, прыняць удзел у якіх прапануюць выхаванцам лагераў.

У гродзенскім кафедральным касцёле святога Францыска Ксаверыя адкрылі адноўлены алтар Маці Божай. Рэстаўрацыяй святыні на працягу амаль трох гадоў займаліся спецыялісты з Мінска. Рэстаўратары знялі шэрую фарбу і перабралі ўручную кожную дэталь драўлянай каштоўнасці. Апошні раз маштабныя работы з алтарамі касцёла праводзіліся 100 гадоў таму. Усяго ў касцёле 13 алтароў. Частку з іх ужо аднавілі, у тым ліку і цэнтральны, які пацярпеў ад пажару ў 2006 годзе. Наступны на чарзе алтар Святога Іуды Тадэвуша.

У горадзе над Нёманам прайшоў Х Міжнародны пленэр разьбяроў па дрэве. На працягу тыдня вядомыя майстры з Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны і Беларусі ўвасаблялі свае творчыя фантазіі і новыя ідэі ў дрэве. Тэмай сёлетняга форуму сталі "Песні і танцы малой радзімы". Па традыцыі, створаныя ў рамках творчай сустрэчы скульптуры, застануцца ўпрыгожваць Гродна.