Дайджэст навінаў з Гомельскай вобласці

13 апреля 2019

Другі тыдзень красавіка для Гомельскага рэгіёна стаў гарачым ва ўсіх сэнсах. Ратавальнікі і эколагі мабілізавалі сілы для папярэджання пажараў. Высокі напал эмоцый адзначаны падчас выбараў самай прыгожай дзяўчыны і юнака рэгіёна. А цяпло мацярынскага сэрца падчас цырымоніі ўручэння ордэна Маці растапіла нават аб'ектывы тэлекамер. Пра самае цікавае з Гомельскай вобласці - наступны дайджэст. 

Расказвае Ганна Кавалёва. З надыходам пажаранебяспечнага перыяду эколагі і ратавальнікі ўзмацняюць кантроль. Для маніторынгу прыцягнулі і сучасныя тэхнічныя сродкі. Асаблівая ўвага - сітуацыі ў зоне адсялення. Пакуль на тэрыторыі Беларусі пажараў не зарэгістравана. Што тычыцца прымежных раёнаў, то адно ўзгаранне на забруджаных землях адзначана ва Украіне, але да змянення радыяцыйнага фону яно не прывяло. З мэтай узмацнення кантролю ў Палескім запаведніку пачалася рэалізацыя міжнароднага тэхнічнага праекта.

Яшчэ адна жыхарка Гомельскай вобласці атрымала ордэн Маці. Гамяльчанка Таццяна Фарпостава нарадзіла і выхоўвае шасцярых дзяцей - 5 дзяўчынак і аднаго хлопчыка. Бацькі жартуюць, што сям'я атрымалася такой вялікай, таму што чакалі сына. Узнагароджванне адбылося ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля. Да віншаванняў далучыліся прадстаўнікі прафсаюзаў і калектыву, у якім працуе шматдзетная маці. Увогуле сёлета ў Гомельскай вобласці ордэн атрымалі трыццаць дзве жанчыны.

У Гомелі абралі міс і містара Гомельскай вобласці. Конкурс сярод дзяўчат і хлопцаў аб'ядналі ўпершыню. Кастынгі пачаліся яшчэ ўзімку. У пошуках прэтэндэнтаў на тытул арганізатары пабывалі і ў буйных гарадах вобласці, і ў маленькіх райцэнтрах. У выніку на сцэну ў фінале выйшлі 24 удзельнікі. Іх падрыхтоўка доўжылася два месяцы. За гэты час маладыя людзі знялі відэа пра родны край і абаранілі свае праекты на тэлебачанні, вывучылі асновы дэфіле, харэаграфіі і сцэнічнага майстэрства. Карону пераможцы атрымала Маргарыта Валодзькіна, а тытул Містара Гомельская вобласць - Ілья Мельнікаў.

Галоўная бібліятэка Гомеля адзначыла векавы юбілей. Для першых чытачоў установа расчыніла дзверы 10 красавіка 1919 года ў будынку на вуліцы Замкавай. На той момант яна была найбуйнейшай у горадзе. Фонд складаў 55 000 тамоў на пяці мовах. Сёння Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Герцэна – гэта ўжо не толькі вялізны кніжны фонд, але і месца значных культурных падзей. Акрамя чытальных пакояў тут знаходзіцца ўнікальны для рэгіёна музей аўтографа і некалькі выставачных залаў. З нагоды юбілею ў найбліжэйшы час свет убачыць кніга - летапіс векавой гісторыі ўстановы. Таксама наведвальнікаў чакаюць выставы, сустрэчы з цікавымі людзьмі і знаёмствы з калекцыямі бібліятэкі.