Аб развіцці Белспажыўкааперацыі гаварылі сёння на калегіі Камітэта дзяржкантролю

23 октября 2019

Аб развіцці Белспажыўкааперацыі гаварылі сёння на калегіі Камітэта дзяржкантролю. На жаль, дынаміка ў галіны адмоўная. Кантралёры канстатавалі: за апошнія 7 гадоў колькасць магазінаў спажыўкааперацыі скарацілася больш як у паўтара раза. Акрамя таго, якасць абслугоўвання выклікае справядлівыя нараканні ў насельніцтва. Ёсць факты продажу няякасных тавараў, прадукцыі з закончаным тэрмінам прыдатнасці, а асартымент не заўсёды адказвае запытам пакупнікоў.  Паводле слоў кантралёраў,  шмат у чым да праблем у спажыўкааперацыі прывялі зніжэнне колькасці насельніцтва ў сельскай мясцовасці і рост канкурэнцыі. Наша здымачная група адправілася ў Стаўбцоўскі раён вывучыць праблему знутры. Рэпартаж Аляксандра Камовіча. 

Магазін прамтавараў у пасёлку Шашкі Стаўбцоўскага раёна літаральна дажывае апошнія дні. Прадавец Святлана Лапко разводзіць рукамі, выручка за дзень часам  не перавышае 15 рублёў. На прылаўках яшчэ летнія скідкі, кліентаў няма. Жанчына наракае на канкурэнтаў і размяшчэнне.

Такая сітуацыя з аб'ектамі спажыўкааперацыі, гавораць у Камітэце дзяржкантролю, паўсюдна. Хтосьці не вытрымлівае канкурэнцыі з прыватнікам у асартыменце і цэнах, хтосьці банальна праваліў маркетынг.

Гэта тыповы прыклад неэфектыўнай працы з кліентамі, як гавораць у дзяржкантролі. Звычайны магазін у Стаўбцоўскім раёне. Час працы з 9 да 18. Аднак з 13:00 да 15:00 ён зачынены - абед. Вось такі сельскі сэрвіс.

Наступны магазін па суседстве. З выгляду ўсё прыстойна. Невялікае памяшканне. Асартымент у дастатку. Некалькі відаў малочкі, мяса, круп. У Камітэце дзяржкантролю гавораць,  што браць прыклад з  такога павільёна можна і трэба. 

Зрэшты, галоўны суддзя тут, вядома, спажывец. За час, які знаходзімся ў магазіне, тут аншлаг. Прадавец гаворыць, за час працы ў магазіне, а гэта больш за  40 гадоў, зараз сапраўды ёсць усё неабходнае. 

Праўда, пэўныя недапрацоўкі не схаваеш ад вачэй рэвізора.

Адзначу, што аб праблемах у сектары спажыўкааперацыі загаварылі яшчэ ў 2013. Тады гэта пытанне ўзняў Кіраўнік дзяржавы. І як паказала практыка, не ўсе патрабаванні Прэзідэнта выконваюцца.

Актуальныя лічбы: тавараабарот з 2014 года ўпаў з 97 да 88 %. Пры гэтым доля сярод арганізацый гандлю Беларусі таксама скарацілася - сур'ёзная канкурэнцыя. Больш чым у паўтара раза зменшылася і колькасць магазінаў. Сярод іншага не выканана патрабаванне Прэзідэнта аб аўтакрамах. Замест 1000 іх  662. 

Яшчэ адна сур'ёзная тэма  - гэта нарыхтоўка: функцыя не толькі карысная, але і сацыяльна значная. 

Праўда, і тут спраўляюцца далёка не ўсе пункты. Тэмпы нарыхтоўкі сельгаспрадукцыі і сыравіны ўпалі. І зноў праблема канкурэнцыі, цэн, умоў на складах, рэалізацыі.

У Камітэце дзяржкантролю гавораць, што ўсіх ураўноўваць не варта. Тым больш што сёння магазін на сяле большы чым проста гандлёвы аб'ект - на спажыўкааперацыю кладуцца і дадатковыя паслугі. 

Хапае і сапраўды добрых прыкладаў, калі магазіны могуць даць фору і моцным прыватнікам. Таму пытанне, ці патрэбна спажыўкааперацыя, не стаіць. Але ці ў  такім выглядзе?! Ужо гэта пытанне нават не рытарычнае.