Пра святочную праграму на 9 Мая распавялі на прэс-канферэнцыі ў Мінску

2 мая 2017

"Беларускі вакзал" стане першай з 80 святочных "станцый" у Мінску, прысвечаных Дню Перамогі. Канцэрт майстроў мастацтваў пад такой назвай пройдзе 6 мая ў Палацы Рэспублікі. Скрозь вобраз чыгункі артысты пакажуць пачатак вайны, пераломныя моманты і Перамогу.

Святочная праграма 9 Мая ў Мінску пачнецца ў 12 гадзін з шэсця "Беларусь памятае". Удзельнікі пройдуць да плошчы Перамогі з партрэтамі герояў Вялікай Айчыннай. Ля Вечнага агню іх сустрэнуць ветэраны вайны. Затым да помніка ўскладуць кветкі і разам выканаюць песню "Дзень Перамогі". Працягнецца праграма музычна-тэатралізаваным шоу "Плошча Перамогі". Падчас канцэрта ў Мінску ўпершыню пройдзе і маштабнае 3D-шоу.

Ірына Дрыга, першы намміністра культуры Беларусі: "Ажыўшыя карціны з элементамі анімацыі будуць праецыравацца на натуральныя экраны. У нас плошча Перамогі нездарма завецца круглай - яна акружаная дамамі. Там паўпадковай стаяць 2 вялікія дамы. І вось гэтыя абодва дамы стануць натуральным экранам. Сюжэт будзе - ажыўшыя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай, засяроджаныя на Беларусі. Ад абароны Брэсцкай крэпасці і да вызвалення Мінска, затым удзел ва ўзяцці Берліна і цяперашнія нашы помнікі, манументы, наша святкаванне Перамогі".

Роўна ў 23 гадзіны 9 Мая ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі начное неба асвяціць святочны салют. Убачыць феерверк толькі ў сталіцы можна будзе з 5 розных пунктаў. 30 залпаў пераможных агнёў стануць кульмінацыяй Дня Перамогі.

Дарэчы, галоўныя сталічныя праспекты і вуліцы Мінска ўжо прымерылі святочнае ўбранне. Сферы з зялёна-чырвоных флажкоў, больш за 60 арт-аб'ектаў і навінка гэтага года - святлодынамічныя канструкцыі ўздоўж праспекта Пераможцаў.