Пра павышэнне пенсіённага ўзросту гаварылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны

13 апреля 2016

Пра павышэнне пенсіённага ўзросту падчас анлайн-гутаркі з грамадзянамі гаварылі сёння эксперты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Інтэрнэт-карыстальнікі адрасавалі прадстаўнікам ведамства больш за паўсотні пытанняў. Самыя папулярныя - пра дакладныя тэрміны выхаду на пенсію для розных катэгорый грамадзян, а таксама пра магчымасці развіцця назапашвальнай пенсіённай сістэмы. Адказы публікаваліся ў рэжыме рэальнага часу і знаходзяцца ў адкрытым доступе на сайце міністэрства.

Валерый Кавалькоў, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны: "Калі разглядаць жанчын 62-га года нараджэння, у наступным годзе яны павінны дасягнуць пенсіённага ўзросту. Жанчыны, якія нарадзіліся ў першай палове года, набудуць правы на пенсію ў другой палове 2017 года. Іх пенсіённы ўзрост будзе 55,5 гадоў. Іх аднагодкі, якія нарадзіліся ў другой палове 62 года, ужо не змогуць рэалізаваць сваё права на пенсію ў 2017 годзе. Паколькі з 1 студзеня 2018 года пенсіённы ўзрост ужо будзе 56 гадоў. Жанчыны, якія нарадзіліся з розніцай на год, ідуць на пенсію з такой жа розніцай. Вось было недаразуменне ў насельніцтва".

Нагадаем, 11 красавіка Кіраўніком дзяржавы падпісаны ўказ "Аб удасканаленні пенсіённага забеспячэння". Паводле дакумента, з 1 студзеня будучага года пенсіённы ўзрост будзе паступова павышацца на 6 месяцаў да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі - 58 гадоў.