Пра навацыі ў сферы ЖКГ

18 января 2016

Новыя жыроўкі за кватэру з налічанай сумай за студзень мы атрымаем ужо ў наступным месяцы. Зараз абслугоўванне ліфта, прыбіранне пад'ездаў і асвятленне месцаў агульнага карыстання вынесеныя з адзінага раней плацяжу "Тэхнічнае абслугоўванне" паводле Указа Прэзідэнта "Аб аказанні жыллёва-камунальных паслуг". Аплата будзе адрознівацца ў залежнасці ад паверхавасці дамоў, ступені добраўпарадкавання, напрыклад, наяўнасці смеццеправодаў і дадатковых лесвіц, а таксама ад таго, ці захочуць самі жыхары сэканоміць. Пра навацыі ў сферы ЖКГ наш карэспандэнт Святлана Лук'янюк.

Святло ля ўваходу ў гэты пад'езд гарыць сярод белага дня. Такую раскошу хутка дазволяць сабе нямногія, бо гэтыя кілаваты значна ўцяжараць камуналку.

За студзень будзем плаціць ужо па новай жыроўцы. У паштовых скрынях яна з'явіцца на пачатку наступнага месяца. Пакуль жа ў разлікова-касавых цэнтрах рыхтуюцца выстаўляць па рахунках ужо з улікам змяненняў па 535-м указе.

У пераліку аплаты за паслугі з'явяцца новыя графы. Зараз самая закрытая з іх у жыроўцы - "Тэхнічнае абслугоўванне" - дэталізуецца.

Так, з гэтага года асобна плацім за святло ў пад'ездзе і за прыбіранне ў ім, а за ліфт з гэтага часу два асобныя радкі. Гэта тэхабслугоўванне ліфта і аплата энергіі на рух. Значыць, колькі наездзілі за месяц, за столькі і заплацім.

Агульныя выдаткі дзяліць будуць на прапісаных жыхароў. А за тэхабслугоўванне ліфта кошт залежыць ад метражу кватэры. Ад усіх плат за ліфт вызваленыя жыхары першых паверхаў.

Генадзь Калёнаў, выконваючы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці: "Чым больш уласнасці ў члена сумеснага домаўладання, тым больш у яго права голасу на агульным сходзе, але тым больш ён павінен удзельнічаць у выдатках па ўтрыманні гэтай агульнай маёмасці. Гэта значыць тая практыка, якая зараз у нас уводзіцца ў Беларусі, практыкуецца ва ўсім свеце".

Другое новаўвядзенне - прыбіранне пад'ездаў. Аплата залежыць тут ад памеру лесвічных клетак, пляцовак і наяўнасці смеццеправода.

У якасці прыкладу - двухпакаёвая кватэра плошчай 48 квадратаў. Жыхары пяці-, дзевяціпавярховых дамоў без смеццеправода будуць плаціць у сярэднім па 15 тысяч за месяц. У шматпавярхоўках са смеццеправодам - каля 25. Калі ў доме ёсць другая лесвіца, тарыф павялічыцца яшчэ на траціну.

Гэтыя тарыфы актуальныя, калі пад'езд прыбірае ЖЭС. Але жыхары могуць наводзіць парадак і самі. На сходзе прыняць рашэнне, прычым аднагалосна. Або наняць прыватную фірму па сваіх расцэнках.

Генадзь Калёнаў, выконваючы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці: "Каб сэканоміць, можна вызначыць, што пад'езд прыбіраецца раз на тыдзень або раз на месяц, і тады эканомяцца грошы на мыйных сродках. Але адпаведныя службы будуць сачыць за тым, каб не было антысанітарыі".

У гэтым выпадку парадак навядзе ЖЭС, але кошт за паслугі выставіць жыхарам. За святло ў пад'ездах таксама давядзецца плаціць асобна - колькі лічыльнік накруціць. Ды і лямпачкі будуць мяняць толькі за кошт жыхароў.

А вось парадак на дваровых тэрыторыях зараз 100 працэнтаў за кошт мясцовых бюджэтаў. Гэта ўборка, напрыклад, снегу і стрыжка газонаў. Але зламаныя лавы, арэлі, размаляваныя сцены і выбітае шкло аднаўляць будуць з кішэні жыхароў. Так што, наколькі пацяжэе ваша жыроўка, будзе залежаць ад руплівасці кожнага з суседзяў.