Аб сапраўдным прызванні. Выхавальнікам 52-га дзіцячага садка Віцебска працуе мужчына

21 октября 2018

Вадзіць карагоды, заплятаць косы і развучваць вершы і песні. Усё гэта ўмее выхавальнік 52-га дзіцячага садка Віцебска. Здавалася б, нічога асаблівага, калі не браць у разлік, што выхавальнікам працуе мужчына. Вольга Маслоўская пра сапраўднае прызванне.

Карагоды, гульні і дзённы сон. У такую нехарактэрную для мужчыны прафесію Юрый Літошык прыйшоў невыпадкова. Выхавальнікам дзіцячага садка працуе яго мама, а сын вырашыў прадоўжыць сямейную дынастыю. Не спыніла нават тое, што на факультэце дашкольнага выхавання ў Полацкім дзяржуніверсітэце ён быў адзіным хлопцам. А калі паспрабаваў сябе ў прафесіі, зразумеў: дзеці - гэта назаўжды.

На першым рабочым месцы маладога спецыяліста сустрэлі насцярожана. Яшчэ б: адзіны мужчына-выхавальнік у раёне. Але даручылі другую малодшую групу, а гэта 27 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 3-4 гадоў. Напарніцай і настаўніцай для педагога-пачаткоўца стала вопытная калега.

Усяго месяц працы, і Юрый Віктаравіч ужо па-майстэрску заплятае дзяўчынкам косы. А з хлопчыкамі мілая справа пагаварыць пра тэхніку. Ад выхавальніка дзеці не адыходзяць ні на хвіліну. І гэта лепшы індыкатар прафпрыгоднасці.

Мужчынскім падыходам да выхавання дзяцей задаволеныя і бацькі. Сваіх малых маладому педагогу давяраюць без боязі.

Калегі паспелі ацаніць запал і старанні маладога спецыяліста. Распавядаюць: хутка яго група будзе засынаць пад гітару. Юрый Літошык асвойвае гэты інструмент, каб перад дзённым сном спяваць сваім маленькім выхаванцам.