Пра людзей, якія ўсё жыццё прысвяцілі працы

18 ноября 2017

Адзначыць прафесійнае свята рыхтуюцца работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Беларусі. Напярэдадні святочнай даты здымачная група АТН пабывала ў гасцях у сям'і Мацянка - прадаўжальнікаў вялікай працоўнай дынастыі. Агульны стаж працы на мясцовым ільнаводзе - больш як 200 гадоў. Пра людзей, якія ўсё жыццё прысвяцілі працы, рэпартаж Марыны Раманоўскай.

У сям'і Мацянка любяць прымаць гасцей. Гаспадыня Галіна распавядае: калі за вялікім сталом збіраюцца родныя, гутарка нават у свята заходзіць аб працоўных буднях. Тут гэта як традыцыя. Практычна ўсе сваякі працуюць на мясцовым ільнозаводе. А сама Галіна Мацянка - з вялікай дынастыі. Пайшла па слядах бацькоў, якія ўсё жыццё прысвяцілі працы з ільном. Тут жа паўстагоддзя працавала і родная сястра.

Муж Галіны таксама завадчанін. Больш як 40 гадоў працуе аператарам кацельні. І нават адрас прапіскі ў сям'і з сэнсам: завулак Заводскі. Галіна Мацянка падлічыла: агульны працоўны стаж іх дынастыі - больш як 200 гадоў. І гэта, упэўненыя завадчане, яшчэ толькі пачатак.

Вялікіх дынастый, распавядае старшыня прафкама прадпрыемства, на заводзе каля дзесяці. А невялікія нават падлічыць складана. Усяго ж на прадпрыемстве працуюць больш як 200 чалавек. Сёлета заводу споўнілася 85.

Дубровенскі льнозавод - адно з вядучых прадпрыемстваў Беларусі па першаснай перапрацоўцы льну. Некалькі гадоў таму тут асвоілі безадходную тэхналогію. За год на заводзе выпускаюць больш за 2 тысячы тон ільновалакна.

Аб заслугах працоўнага калектыву нават сталі распавядаць на экскурсіях. Да юбілейнай даты на заводзе адкрыўся музей. Тут уся гісторыя прадпрыемства. З роляй галоўнага экскурсавода лепш за ўсіх спраўляецца дырэктар. Прадпрыемства ён узначальвае без малога сорак гадоў.

Льнозавод у мініяцюры, ткацкі станок, дэталі рарытэтнага абсталявання. Але ўсё ж галоўнае месца ў экспазыцыі адведзена людзям. На фатаграфіях і бацькі Галіны Мацянкі. Гонар і прыклад для ўсёй вялікай сям'і.