Пра вялікія касмічныя планы Беларусі сёння гаварылі ў інтэрнэт-гасцёўні Белтэлерадыёкампаніі

11 апреля 2013

На ўсе пытанні карыстальнікаў  Сусветнай павуціны адказаў кіраўнік апарата Акадэміі навук Пётр Віцязь. Наша краіна рыхтуецца да запуску спадарожніка сувязі, таксама два ўласныя лятальныя апараты запусціць БДУ. Акрамя гэтага, у Беларусі створана аўтаномная наземная сістэма,  здольная прымаць і апрацоўваць любую інфармацыю з Сусвету. А спадарожнік сувязі, які ствараецца з удзелам партнёраў з Кітая,  дазволіць вырашаць праблемы лагістыкі і навігацыі. Вадзім Шчаглоў ведае падрабязнасці.


 


Студэнт факультэта радыёфізікі БДУ  Ігар Данілаў  разам з аднакурснікамі працуе над новым праектам: хлопцы і дзяўчаты  ствараюць студэнцкі нанаспадарожнік. Назву для яго ўжо прыдумалі - Бекасс. Гучыць  як невялікая, але вельмі хуткая птушка. Аднак насамрэч -  гэта арэвіятура. Поўная назва - беларускі касмічны спадарожнік студэнта. Паляцець у космас Бекасс павінен ужо праз два гады. 


Ігар Данілаў, студэнт 3  курса БДУ: Спадарожнік будзе як навучальная лабараторыя. На яго прыкладзе мы будзем вывучаць  тэхніку вытворчасці спадарожнікаў, сам працэс, як ён будзе працаваць, будзем вучыцца прымаць даныя,  перадаваць даныя. 


Для гэтага на Зямлі створаць навучальную сістэму дыстанцыйнага зандзіравання. У БДУ ўжо адкрылі трэніровачны  клас, дзе штодня хлопцы і дзяўчаты  вучацца кіраваць спадарожнікам на спецыяльных  трэнажорах. Зараз ва ўніверсітэце мадыфікуюць і яшчэ адзін лятальны апарат. Але ў космас ён не паляціць, вывучаць спадарожнік будзе выключна трапасферу.


Галоўная задача праграмы, падкрэсліваюць навукоўцы, - падрыхтаваць уласныя кадры для далейшага асваення космасу.


Уладзімір Саечнікаў, дырэктар Цэнтра аэракасмічнай адукацыі БДУ: Студэнты новым тэхналогіям павінны вучыцца на аснове новых тэхналогій, а не на аснове старых падручнікаў. І шматлікія ўніверсітэты, найболей прасунутыя ва ўсім свеце,  лічаць за гонар для сябе мець такі апарат.


Акрамя навучальных апаратаў, у Беларусі пачалі рыхтавацца і да запуску ўласнага спадарожніка сувязі. Яго ствараюць з удзелам партнёраў з Кітая. Спадарожнік дазволіць вырашаць праблемы лагістыкі, навігацыі, развіваць тэлекамунікацыйныя і мабільныя тэхналогіі.


Зараз беларускія навукоўцы працуюць над другім этапам нацыянальнай касмічнай праграмы. Да 2017-га  Беларусь плануе запусціць яшчэ адзін больш дасканалы спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. А ў якасці партнёра можа выступіць карпарацыя Раскосмас.


Сродкі ж, выдаткаваныя на першы спадарожнік, часткова акупіліся. З'явіліся заказы з-за мяжы на нашы фатаграфіі з космасу. Пра гэта сёння ў інтэрнэт-гасцёўні Белтэлерадыёкампаніі распавёў кіраўнік апарата Акадэміі навук Пётр Віцязь. Напярэдадні Дня касманаўтыкі, амаль паўсотні  пытанняў: чаму не спрагназавалі метэарытны дождж у Чэлябінску, ці варта чакаць канца свету і як правесці водпуск на МКС? Аптымістаў Віцязь прапанаваў падтрымаць.


Яшчэ адно пытанне - пра паслякасмічную  рэабілітацыю. Зараз яе праходзіць беларус Алег Навіцкі, які ўзначальваў экіпаж на Міжнароднай касмічнай станцыі і зусім нядаўна вярнуўся на Зямлю. Дарэчы, у Акадэмію навук плануюць ужо ў найбліжэйшы час запрасіць усіх трох беларускіх касманаўтаў - Пятра Клімука,  Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага, дзе з імі зможа пагутарыць любы жадаючы.