Пра беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ў космасе распавёў Сяргей Залатой

4 сентября 2018

Зусім хутка ў Мінску чакаюць знакамітых касманаўтаў з усёй планеты для ўдзелу ў Касмічным кангрэсе. Сярод іх - выхадцы Беларусі: Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі. Іх заслугі сталі немалаважным аргументам у выбары краіны месцам правядзення форуму. У інтэрв'ю нашаму тэлеканалу Алег Навіцкі падзяліўся чаканнямі ад сустрэчы на радзіме.

Перад Касмічным кангрэсам пра беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ў космасе распавёў кіраўнік нацыянальнага аператара беларускай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі Сяргей Залатой. Беларусь і Расія сёння працуюць над пашырэннем арбітальнай групоўкі спадарожнікаў. Дзеючыя беларускі касмічны апарат і расійскі "Канопус" ужо даказалі эфектыўнасць сумеснай працы. Атрыманыя здымкі выкарыстоўваюць у сваёй працы пагранічнікі, леснікі і ратавальнікі - усяго больш за 20 арганізацый. Выручка ад беларускага касмічнага спадарожніка склала каля 28 мільёнаў долараў.

Сяргей Залатой, дырэктар УП "Геаінфармацыйныя сістэмы" НАН Беларусі: "Калі спадарожнік наш ствараўся, гэта было сем гадоў таму, то былі адны патрабаванні да касмічнай інфармацыі, патрабаванні да аператыўнасці. У асноўным такія спадарожнікі ствараліся для задач картаграфіі. Зараз даволі запатрабаваныя задачы маніторынгу, а каб вырашыць задачы маніторынгу, патрэбна групоўка. Зараз гаворка ідзе пра стварэнне груповак апаратаў з 24. Гэта дазваляе кожныя тры гадзіны мець інфармацыю аб аб'екце".

Беларусь летась далучылася да міжнароднага альянсу PanGeo, што дазволіла значна прасунуцца на сусветным рынку звестак дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.