Патрэбная дапамога - дапамажы

6 февраля 2015

Жыллё, дарогі, камунальныя праблемы... Вось яна аснова скаргаў, з якімі мясцовыя ўлады сутыкаюцца часцей за ўсё. Здавалася б, працоўныя моманты, аднак часам бюракратыя робіць з радавой сітуацыі вялікую праблему. Памятаеце, летась спецыяльныя групы працавалі ў будаўніцтве і ЖКГ. Вось там і прагучала: улады на месцах павінны маніторыць грамадскія клопаты. Патрэбная дапамога - дапамажы. Такі тэзіс гучаў сёння адразу ў некалькіх гарадах Беларусі. Галоўная думка - мясцовыя органы і дэпутаты ў гэтай працы павінны дзейнічаць тандэмам.

Як гэта бывае на практыцы, убачыў Аляксей Кандраценка. Вялікай сям'і - вялікае і ўтульнае жыллё! Сёння ў Смалявічах прымалі навасельцаў дома сямейнага тыпу. Пакоі для дзяўчынак адразу ператварыліся ў салон прыгажосці. У хлопчыкаў жа - прастора для гульні з машынкамі.

Новы аб'ект значымы не толькі для Мінскай вобласці, але і ўсёй краіны - вынік няпростай і прадуманай працы. Руку дапамогі дзецям працягнулі зараз ужо новыя бацькі. А іх у сваю чаргу не пакінулі без увагі мясцовыя ўлады.

Аб тым, што звёны ў ланцужку чалавек - праблема - рашэнне могуць і павінны працаваць эфектыўна, сёння гаварылі і ў Магілёве. Напярэдадні тут таксама адкрылі новы дом сямейнага тыпу. Зрэшты, сацыяльная сфера, лічаць дэпутаты Магілёўскага савета, далёка не адзіная, дзе кожны павінен працаваць на вынік. Аднак і ад саміх людзей дэпутацкі корпус чакае не толькі скаргаў, але і прапаноў.

"Абяцаць толькі тое, што здольны вырашыць сам" - лейтматыў сесіі Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў. Кіраўнік рэгіёна Анатоль Ліс канстатаваў: пасля нядаўняй прамой лініі за тры гадзіны да яго звярнуліся больш як 40 чалавек. А шматлікія пытанні вырашаюцца на ўзроўні мясцовай улады.

Калегаў па дэпутацкіх крэслах падтрымалі і ў Мінскай вобласці. Удзельнікі сесіі сышліся ў меркаванні: фармат працы любога дэпутата - не толькі наводзіць парадак у ЖКГ або дапамагаць будаваць дарогі, але і актыўна працаваць з прамысловымі прадпрыемствамі.

Кабінет любога дэпутата - той фарпост, з якога вырашаюцца часам самыя складаныя пытанні. Але далёка не ўсе. Разабрацца ў канкрэтнай сітуацыі, сустрэцца з людзьмі на месцах і зразумець, як дзейнічаць - такая схема працы "на перадавой" куды больш эфектыўная.

Дэпутат з Вілейкі Ігар Кіцікаў усё фіксуе ў рэжыме анлайн. Нават падчас сесіі пад рукой смартфон. Сацсеткі, лічыць, нескладаны, але эфектыўны спосаб быць бліжэй да жыхароў свайго раёна.

У доме сямейнага тыпу ў Смалявічах тым часам на ўсю моц кіпіць праца па добраўпарадкаванні. Пакуль бацькі выхоўваюць пецярых дзяцей, але не баяцца ўзяць у сям'ю яшчэ столькі ж. Гавораць, падтрымка адчуваецца не на словах, а на справе. І праблемы ў любой сферы - сацыяльнай або эканамічнай - павінны вырашацца з мінімальнай колькасцю папер і максімальным удзелам мясцовых улад.