Новы трэнд у садаводаў цытрусы. Які на смак беларускі лімон?

20 ноября 2023

Да беларускага клімату адаптуюцца цеплалюбівая садавіна і агародніна. Новы трэнд у садаводаў - цытрусы. Лімонныя дрэвы пакуль не могуць прыжыцца ў адкрытым грунце. А вось у цяпліцы ці кватэры не толькі квітнеюць, але і даюць сакавітыя плады. Які на смак беларускі лімон? Даведаемся ў Карыны Гурэвіч.

Тропікі дома - для беларускіх шырот ужо не казка. У кватэры Аляксандра Лістраценкі не першы год адчуваецца цытрусавы водар. У калекцыі больш за 200 саджанцаў - апельсіны, экзатычныя грэйпфруты, гібрыд лайма і кумквата. Кісла-салодкі ўраджай з хатніх плантацый збірае круглы год.  Галоўны гонар цытрусавода - лімон-гігант.

Самая вялікая калекцыя лімонаў - у Батанічным садзе

І ўсё ж - самай буйной і разнастайнай калекцыяй цытрусавых можа пахваліцца Цэнтральны батанічны сад. Усяго больш за сто відаў! Для наведвальнікаў аранжарэя адчыняе свае дзверы з надыходам халадоў і радуе аж да канца студзеня.

У ліманарый наведвальнікі прыходзяць не толькі па сакавітыя фатаграфіі, але і па батанічныя лайфхакі. Так, атрымаць ураджай цытрусаў з костачкі практычна немагчыма. А самому дрэву трэба шмат святла і вады. На майстар-класах спецыялісты дапамагаюць пасадзіць парастак, а таксама дзеляцца парадамі, як правільна яго даглядаць.

Аб карысці лімонаў можна гаварыць бясконца - у лупіне - эфірнае масла, некалькі відаў вітамінаў. Багата карыснымі ўласцівасцямі і само дрэва - яго пах здымае стрэс і паляпшае зрок. А вырошчваць цытрус можна дома на падаконніку.

Вырошчваць лімоны і іншыя цытрусавыя ў садзе на адкрытым грунце, падобна яблыкам, у Беларусі не атрымаецца. Клімат у нас занадта суровы для гэтага паўднёвага жыхара. А вось у хатніх умовах, калі выконваць агратэхналогіі, сонечнае дрэва будзе не толькі паспяхова расці, але і радаваць сакавітымі пладамі.