Новы трэнд на рынку працы ў Беларусі

8 сентября 2014

Маладыя спецыялісты ўсё часцей адпраўляюцца на дзяржадпрацоўку на малую радзіму. Ахвочых затрымацца ў Мінску пакуль хапае, але паводле статыстыкі галоўнай ВНУ краіны, 30% выпускнікоў аддаюць перавагу працы ў родным горадзе. Зрэшты, кампаніі Мінска за найлепшых гатовыя змагацца. Юлія Плытнік прайшлася шляхам размеркавання.


Кірылу, выпускніку прыборабудаўнічага факультэта БНТУ, менавіта ВНУ дапамагла з першым рабочым месцам. Запаветная спецыяльнасць на прадпрыемстве Мінскпраект са студэнцкай мары ператварылася ў звыклую, але любімую працу.


Цяжка сказаць, каму пашанцавала больш - Кірылу або прадпрыемству. Толькі ў сталіцы атэстат аб сярэдняй адукацыі сёлета атрымалі парадку 8 тысяч выпускнікоў школ, на 800 менш, чым у папярэднім. Логіка відавочная. ВНУ недабяруць, а значыць, і маладых спецыялістаў на выхадзе будзе менш. Ад таго і ўвага да іх асаблівая. Ад ВНУ да новага месца працы.


Выпускнікі дзяржаўных ВНУ краіны ўжо прыйшлі на свае першыя рабочыя месцы па размеркаванні. Бюджэтнікі 2 гады павінны папрацаваць на дзяржпрадпрыемствах. Універсітэт дапамагае з першай працай, а далей - бонусы ад арганізацыі.


Статыстыка апошніх гадоў. Кожны год у краіне выпускаецца больш як 32 тысячы маладых спецыялістаў. Сярод тых, каго вельмі чакаюць, - інжынеры, праектыроўшчыкі, хімікі, біёлагі і праграмісты. Дарэчы, размеркаваннем ужо нікога не палохаюць, рынак, на якім кожны можа прапанаваць лепшыя ўмовы працы, улічвае і меркаванне самога маладога спецыяліста.


Наталля Няпеўная, начальнік упраўлення кадраў БДУ: Памылка нашых многіх выпускнікоў, што, калі яны заключылі кантракт з працоўнай арганізацыяй, то ўсё, яны гэты тэрмін павінны будуць абавязкова ў гэтай арганізацыі адпрацаваць. Не, гэта не так, існуе працэдура пераразмеркавання. На практыцы гэта частая з'ява. І ВНУ заўсёды ідуць на сустрэчу пры пераразмеркаванні маладых спецыялістаў. Калі ён знайшоў іншую арганізацыю, якая яму падае больш льготныя ўмовы, больш высокую заработную плату, то, натуральна, камісія ідзе на сустрэчу і заўсёды пераразмяркоўвае такіх выпускнікоў.


Добрыя ўмовы дыктуюць і лінію паводзін. Напрыклад, атрымалася ўладкавацца на прэстыжнае прадпрыемства - будзь гатовы да поўнай сакрэтнасці працы.


Сёння свет Сяргея Калашы - касманаўтыка і абаронка. Аб праектах, над якімі працуе, па зразумелых прычынах расказваць не можа. Суму зарплаты таксама не называе, але шчыра гаворыць аб тым, што пашанцавала.


Тут супала. На лепшыя месцы прэтэндуюць самыя паспяховыя студэнты. Але беларускія дзяржпрадпрыемствы гатовыя прымаць на адпрацоўку ўсіх выпускнікоў краіны. А тут выявілася і новая тэндэнцыя, якая абнадзейвае. Калі раней у правінцыю было не загнаць, зараз вялікая частка выпускнікоў ВНУ, у лічбах гэта парадку 30%, самі імкнуцца паехаць па размеркаванні ў родныя пенаты.