Новы паварот атрымала справа аб гібелі дзіцяці ў недабудаваным доме ў Магілёве

8 Лістапада 2017

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, сёння ўзбуджана крымінальная справа па факце службовай халатнасці гарадскіх чыноўнікаў. Устаноўлена, што службовыя асобы ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва, а таксама іншых структурных падраздзяленняў гарвыканкама не належным чынам выканалі свае службовыя абавязкі. І не выканалі патрабаванні аб зносе незаконна пабудаваных аб'ектаў па загадзе Камітэта дзяржкантролю, выдадзеным яшчэ ў 2010 годзе.

Нагадаем, трагедыя здарылася 1 лістапада ў Магілёве недалёка ад мікрараёна Спадарожнік. На 2 школьнікаў, якія гулялі на тэрыторыі недабудаванага дома, упала сцяна. Адно дзіця загінула на месцы. Другое было шпіталізавана. Ужо тыдзень школьнік знаходзіцца ў аддзяленні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, і ўрачы па-ранейшаму не даюць ніякіх прагнозаў наконт яго здароўя.