Новы перавязачны матэрыял вынайшлі ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце

16 мая 2016

Новы перавязачны матэрыял для ветэрынарыі вынайшлі ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце.

Лабараторна даказана: ён паскарае працэс гаення ран і апёкаў мінімум на пяць дзён. Інавацыйную распрацоўку ўжо ахрысцілі біяскурай. Цуды дзее простая, з першага погляду, сурвэтка. Насамрэч, гэта нятканы матэрыял, у аснове якога ляжаць нанавалокны. Ён "зрастаецца" са скурай жывёлы, абараняючы паверхню раны ад мікробаў і спрыяючы росту клетак. Вольга Маслоўская - аб перспектывах інавацыйнай распрацоўкі.

У аперацыйных Віцебскай ветакадэміі тэстуюць новы перавязачны матэрыял. Ветэрынары гавораць, цуды дзее простая, на першы погляд, сурвэтка. Досыць прыкласці яе да раны на целе жывёліны, і парэз гоіцца на пяць дзён хутчэй.

Эдуард Верэмей, загадчык кафедры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны:

"Лекавае рэчыва з'яўляецца пралангатарам. Дзейнічае доўга і не трэба часта яго прымяняць. Я ім даў растворы навакаіну рознай канцэнтрацыі, абязбольвальныя, яны ўкараняюць. Будзем выпрабоўваць".

Новы перавязачны матэрыял - распрацоўка маладога віцебскага навукоўца Ільі Дарашэнкі. У аспіранта тэхналагічнага ўніверсітэта два гады пайшло на рэалізацыю амбіцыйнай ідэі - стварыць аналаг біяскуры для жывёл.

Ілья Дарашэнка, аспірант кафедры Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта:

"Гэты кавалачак складаецца з тысяч пластоў тонкіх валокнаў. Гэтыя валокны, іх памер і размяшчэнне спрыяюць росту клетак новых, а таксама, праводзячы паветра, яны затрымліваюць бактэрыі, таму што поры ў гэтым матэрыяле меншыя, чым памер бактэрый".

Такая павязка "зрастаецца" са скурай жывёліны, а ўкаранёныя ў структуру валокнаў лекавыя рэчывы ўзмацняюць лячэбны эфект матэрыялу. Навуковец не выключае, што ў перспектыве матэрыял знойдзе прымяненне не толькі ў ветэрынарыі, але і ў медыцыне.

Распрацоўкі навукоўцаў Віцебскага тэхналагічнага ўкараняюцца ў розных сферах. Гэта вогнетрывалыя касцюмы - актуальна для падраздзяленняў МНС. Джынсавая тканіна з беларускага льна. А гэта сапраўдныя слуцкія паясы. Тэхналогію іх стварэння адрадзілі ў сценах ВДТУ.

Зараз у працы яшчэ адзін перспектыўны праект - ачыстка паветра ад бактэрый і шкодных лятучых рэчываў. Тэхналогію можна выкарыстоўваць у бальніцах, прамысловых цэхах, сховішчах для агародніны. Выпрабаванні пройдуць на адным з прадпрыемстваў Віцебска.