Новы нацыянальны рэкорд рыхтуюцца паставіць беларускія парашутысты

29 июля 2016

Новы нацыянальны рэкорд рыхтуюцца паставіць нашы нябесныя спартсмены. Пакараць неба над Мінскам беларускія парашутысты будуць у рамках авіяфестывалю ў Баравой. Упершыню ў такіх выступленнях пад аблокамі прыме ўдзел і самы вялікі ў свеце верталёт Мі-26. Асаблівую вядомасць яму прынеслі здымкі ў галівудскім блокбастары "Моцны арэшак".

Якія нябесныя трукі ўбачаць госці і жыхары сталіцы, раскажа Вераніка Бута. Гэтыя кадры знятыя два гады назад. Суботняя раніца на аэрадроме ў Баравой. У небе над Мінскам у той дзень сабралася фармацыя з 20 парашутыстаў. І гэта нацыянальны рэкорд. Ужо ў гэтыя выхадныя спартсмены паспрабуюць не проста паўтарыць поспех, але і ступіць далей.

Упершыню падніме спартсменаў на вышыню пяці з паловай тысяч метраў самы вялікі ў свеце верталёт - Мі-26 з фільма "Моцны арэшак". А ў якасці трэнера - найдасведчаны з парашутыстаў, тэхнічны дырэктар рэкорда 2014 года.

Спецыяльна, каб усталяваць рэкорд, прыехалі парашутысты з усіх куткоў Беларусі, і нават тыя, хто жыве за межамі нашай краіны. Усяго два дні, каб адпрацаваць тэхнічныя пытанні і стаць камандай. А заўтра - першая спроба пакарыць неба.

"Разбор палётаў" у прамым сэнсе разбіраюць пасля кожнага трэніровачнага скачку. Аператар фіксуе ўсе рухі парашутыстаў, здымка з усіх ракурсаў. А затым - праца над памылкамі.

Назіраць за скайдайверамі можна будзе як у небе, так і на вялікім экране ў Баравой. Авіяцыйны фестываль пройдзе ўжо другі раз і стане месцам, якое аб'яднае адразу некалькі відаў авіяцыйнага спорту.

Верталётныя гонкі - адна з самых відовішчных частак авіяшоу. Неба над гэтым полем стане месцам баталій для 16-ці наймацнейшых экіпажаў Еўропы. Тут няма месца аматарам. Гады трэніровак, дзясяткі тысяч гадзін палётаў. А вынік прадэманструюць ужо ў гэтыя выхадныя.

У праграме паветраных баталій - "фрыстайл" і "камандная эстафета". Гэта адна з упадабаных частак авіяцыйнага свята ў беларусаў. Падчас спартыўных баталій гледачы змогуць разглядзець усе дэталі бітваў практычна над галавой. Але прадказаць вынік не можа ніхто.

Фестываль летась наведала каля 20 тысяч чалавек, сёлета чакаюць яшчэ больш гледачоў. У праграме авіяцыйнага свята: дэманстрацыйныя палёты, экскурсіі па музеі авіятэхнікі, фотазоны, канцэртная праграма, будзе арганізавана і зона харчавання.