У Год гістарычнай памяці Беларусь асабліва трапятліва ўспамінае аб падзеях ваенных гадоў. І пра мемарыяльныя комплексы на месцы спаленых вёсак трэба гаварыць не менш, чым пра Хатынь. Такое меркаванне ў Міжнародны дзень музеяў выказаў Артур Зельскі. Дырэктар сусветна вядомага помніка пад адкрытым небам супраць інтэрактываў з імітацыямі шыбеніц, расстрэлаў і спальваннямі адрын. Факты аб жахлівай трагедыі беларускага народа трэба даносіць лаканічна: праз фота, кароткія фільмы, статыстыку і сямейнае выхаванне. Хатынь як сімвал генацыду беларускага народа павінна матываваць гісторыкаў і краязнаўцаў да пошуку фактаў аб знішчэнні фашыстамі вёсак, і ставіць кропку ў веданні хатынскай бяды пакуль рана.
У Хатыні ідзе Усебеларуская моладзевая будоўля. Дзякуючы ўказу Прэзідэнта Беларусі ўжо ў сакавіку 2023-га, да 80-годдзя хатынскай трагедыі, на тэрыторыі комплексу плануюць адкрыць музей, які будзе складацца з шасці экспазіцыйных залаў. Зараз каля адміністрацыйнага будынка ўзнімаюць асфальт, каб у найбліжэйшыя дні ўжо працаваць над падмуркам.













