Новы мост праз Бярэзіну з'явіцца ў Барысаве

30 января 2019

Сучасны імідж і новыя магчымасці! Барысаў сёлета істотна зменіцца: новы мост з'явіцца праз Бярэзіну, больш шырокай стане галоўная транзітная магістраль - вуліца Гагарына. У планах і маштабная рэканструкцыя гістарычных месцаў, а таксама рост аб'ёмаў узвядзення жылля - да 100 тысяч квадратных метраў.

Аб перспектывах прамысловага цэнтра Мінскай вобласці - Аляксей Кандраценка.

Сёння трапіць у цэнтр Барысава няпроста - паўсюль перакрыты рух, працуюць будаўнікі і тэхніка. Прычына нязручнасцяў - рэканструкцыя 8-кіламетровай вуліцы горада - Гагарына.

Пасля правядзення ўсіх работ галоўная транзітная артэрыя Барысава глабальна зменіцца. Магістраль стане шасціпалоснай. Тут з'явяцца падземныя пераходы, якіх у горадзе наогул няма. Такім чынам, вуліца Гагарына стане больш зручнай як для аўтамабілістаў, так і пешаходаў.

Яшчэ адзін стратэгічна важны аб'ект для Барысава - мост праз Бярэзіну. Шэсць з сямі апор будучай канструкцыі ўжо на месцы, пачаўся і мантаж жалезабетоннага пралёта. Пры ўзвядзенні моста таксама ўсё прадумана для таго, каб разгрузіць 140-тысячны горад у гадзіны пік.

Абноўлены імідж будзе і ў гістарычнага цэнтра. Дзве вуліцы каля Саборнай плошчы стануць пешаходнымі. Асаблівасці турыстычнай прывабнасці аднымі з першых ацэняць ўдзельнікі і госці "Дажынак". Гэтай восенню Барысаў прыме абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі.