Новы метад лячэння пацыентаў з пашкоджанымi перыферычнымi нервамi

29 января 2016

Новы метад лячэння пацыентаў, у якіх пашкоджаны перыферычныя нервы, распрацавалі беларускія медыкі. Раней нерв сшывалі, тады рука магла застацца часткова або цалкам нерухомай назаўжды. Новая аперацыя доўжыцца каля гадзіны і самая галоўная ў ёй частка - ін'екцыя ў пашкоджанае месца. У ролі лекаў на гэтым этапе - ствалавыя клеткі, якія спачатку былі ўзятыя ў самога пацыента. Прычым, мабыць, гэты той самы выпадак, калі чалавека ад інваліднасці ратуе тлушч. Чаму? Даведвалася наш карэспандэнт Улада Карніцкая.

Іллі Будай першая аперацыя на руцэ не дапамагла. Гісторыя да банальнага простая: працуючы дома, шаснуў сябе балгаркай. Зараз гэты пацыент поплеч з інавацыямі - урачы рыхтуюць яго да аперацыі па новай методыцы.

Па сутнасці, гэтая аперацыя - шанец для людзей з такімі траўмамі на поўнае акрыянне. Ноу-хау прымянілі ў абласной бальніцы.

Гэтая аперацыя доўжыцца каля гадзіны. Хоць, гавораць спецыялісты, з іншым пацыентам час мог бы павялічыцца, усё залежыць ад цяжару пашкоджання. Зараз працуюць адразу тры хірургі. Задача аднаго з урачоў - знайсці пашкоджаны нерв, а ўжо потым увесці ў яго ствалавыя клеткі.

Раней пашкоджаны нерв хірургі толькі сшывалі. І ніхто не даваў 100%, што рука будзе рухацца як і раней. Дзякуючы новай аперацыі, адчувальнасць да рукі вернецца ўжо праз некалькі месяцаў, а курс лячэння паменшыцца ў разы. Гэты метад пакуль не выкарыстоўваюць больш нідзе ў Беларусі, за мяжой - толькі ў некалькіх клініках.

Дзіяна Пятрова, урач-хірург аддзялення мікрахірургіі Мінскай абласной клінічнай бальніцы:

"Мы пачалі працаваць над распрацоўкай у 2006 годзе, але спачатку папярэднічаў падрыхтоўчы этап. Мы правялі лабараторны этап, затым выкарысталі дадзены метад у якасці пілотнага эксперыменту. Было пралечана каля 10 пацыентаў".

Зараз тандэм са ствалавой мезенхімальнай клеткай - сакрэт поспеху такіх аперацый. Прычым, бяруць іх у самога пацыента з тлушчавай тканкі. Ужо пасля ў гэтай лабараторыі клеткі вырошчваюць. Праз некалькі тыдняў можна трансплантаваць пацыенту. Прычым ужо неўзабаве выкарыстаць клеткі плануюць не толькі для пашкоджаных нерваў. З Нацыянальнай акадэміяй навук хірургі плануюць вялікі праект па лячэнні апёкаў

У любым выпадку, тое, на што раней сыходзілі месяцы, а то і гады лячэння, зараз вылечваюць адной ін'екцыяй.