Новы летні сезон распачынаюць сталічныя кафэ і рэстараны

20 апреля 2016

У кожнай тэрасы сёлета свой стыль і афармленне. Здзіўляць будуць і гастранамічнымі прэм'ерамі. У горадзе адкрыецца каля 500 месцаў для адпачынку на свежым паветры. Працаваць будуць і больш за дзве тысячы мабільных гандлёвых пунктаў, дзе можна набыць марожанае і прахладжальныя напоі. Наталля Кузьміцкая з падрабязнасцямі.

З'яўленне тэрас і сезонных кафе - дакладная прыкмета лета.

Гэта летняе кафэ на беразе Камсамольскага возера адкрылася адным з першых у новым сезоне. У меню - гастранамічныя прэм'еры з беларускай кухні. Нацыянальныя стравы пад жартоўнымі назвамі "бацька бургер", "хадун-шпацырун" прыйшліся даспадобы першым наведвальнікам.

Сёлета ў сталічных парках і скверах будуць працаваць 170 гандлёвых аб'ектаў. Мабільныя пункты грамадскага харчавання прапануюць найперш самыя запатрабаваныя і любімыя дзіцячыя ласункі - салодкую вату, марожанае і папкорн.

Сёння летнія тэрасы - гэта не проста стол з крэсламі і навесам, а сапраўдныя кафэ разнастайнай стылістыкі, з утульнымі канапамі, кветкавым афармленнем, прыемнай музыкай. Тут нават у пахмурны дзень можна ўтульна размясціцца - пад пледам з кубачкам гарбаты паназіраць за мітуслівым горадам.

У выхадныя і святочныя дні гэтыя зоны адпачынку гатовы прыняць амаль 30 тысяч наведвальнікаў. Акрамя камфортных умоў і смачных страў гасцей сталічных тэрас чакаюць музычныя вечары з жывым гукам і кулінарныя майстар-класы.