Новы лячэбна-дыягнастычны корпус цэнтральнай раённай бальніцы сёння адкрыты ў Крычаве

8 сентября 2016

Ён дазволіць значна павысіць узровень і якасць медыцынскіх паслуг у раёне. У адным будынку размясціліся прыёмнае аддзяленне, аперацыйныя, рэанімацыя, лабараторыя і дыягнастычны кабінет. Усе яны ў найбліжэйшы час будуць укамплектаваны сучасным абсталяваннем, якое дазволіць праводзіць, напрыклад, аперацыі з выкарыстаннем эндаскапіі. У корпусе размясцілася і лячэбнае аддзяленне на 30 чалавек. Тут жа адкрыліся і два міжраённыя цэнтры - уралагічны і па аказанні відэаэндахірургічнай дапамогі. Корпус адкрылі пасля звароту жыхароў райцэнтра да даверанай асобы Кіраўніка дзяржавы з просьбай паскорыць тэмпы будаўніцтва.

Уладзімір Даманеўскі, старшыня Магілёўскага аблвыканкама: "Прасілі паскорыць і завяршыць вось гэтыя работы. Мы так і зрабілі - паскорылі, знайшлі дадатковыя фінансавыя сродкі. Трэба сказаць, што вельмі якасна выкананы работы. Атрымаўся добры аб'ект, я думаю, што тыя абяцанні, якія мы давалі людзям, мы іх выканалі".

Аляксандр Плятнёў, галоўны ўрач Крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы: "Пацыент, які звярнуўся сюды, пройдзе поўны аб'ём абследавання. Будзе далей па паказаннях выканана або аператыўнае ўмяшанне, або шпіталізацыя ў гэты корпус або найбліжэйшыя".

Крычаўскі - адзін з сямі паўднёваўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці, які атрымаў прэферэнцыі для развіцця з боку дзяржавы ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта № 235. Асаблівая ўвага - развіццю сацыяльнай сферы. Ужо ў найбліжэйшы час тут будуць здадзены ў эксплуатацыю два шматпавярховыя жылыя дамы, у тым ліку пабудаваны з выкарыстаннем ільготнага крэдыту пад 1 % на 20 гадоў. У стадыі будаўніцтва і новая школа на тысячу месцаў.