Новы хрысціянскі сацыяльны цэнтр асвячоны ў Мінску

30 мая 2018

Добрая місія дзеля духоўнага ўзбагачэння, выхавання і адукацыі. Новы хрысціянскі сацыяльны цэнтр асвячоны ў сталіцы. Раней на гэтым месцы па вуліцы Серафімовіча была школа, затым будынак доўгі час пуставаў і вось нарэшце пасля доўгай рэканструкцыі тут ізноў будуць гучаць дзіцячыя галасы. Урачыстую службу з нагоды адкрыцця першай і адзінай такога кшталту ўстановы ў Мінску ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён жа асвяціў і новую капліцу.

Новы цэнтр змогуць наведваць 130 дзяцей розных хрысціянскіх канфесій. На трох паверхах адкрыты ўтульныя адукацыйныя класы, творчыя майстэрні, дзе змогуць займацца і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Цэнтр узведзены і будзе працаваць пад патранатам сясцёр-уршулянак, а яго духоўная апякунка - святая Уршуля Ледухоўская, якая ў свой час і распачала справу выхавання дзяцей і моладзі.

Бласлаўленне ад Папы Рымскага ўсім ўдзельнікам урачыстасці і выхаванцам новага хрысціянскага сацыяльнага цэнтра перадаў пасол Ватыкана ў Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Заняткі тут распачнуцца ў верасні.