Новы хірургічны корпус адкрылі ў Мінскай абласной бальніцы

28 октября 2015

Рэканструкцыю ж установы ўвогуле плануюць завяршыць у наступным годзе. Сёння клініка - гэта тры корпусы, паўтары тысячы работнікаў і амаль тысяча пацыентаў штодзень. Пра тое, як развіваецца медыцына ў цэнтральным рэгіёне, наступны рэпартаж.

Вольга Бараболя пасля лазернай аперацыі на нагах з кабінета выйшла сама. А яшчэ два гады таму лячэнне варыкозу прымушала пацыентаў да двухтыднёвага пасцельнага рэжыму. Зараз аперацыю робяць новым лазерам – працэдура не больш балючая, чым укол. І ўжо на наступны дзень пацыент можа паехаць дадому.

Яшчэ адну непрыемную працэдуру тут можна замяніць проста таблеткай. Замест таго каб глытаць зонд, можна проста праглынуць капсулу, якая перадасць на спецыяльны манітор здымкі ўсяго арганізма. Эндаскапічнае аддзяленне клінікі сёння абсталявана так, што амаль у любы орган пацыента можна прабрацца без хірургічнага ўмяшання

Дарэчы, вось гэтыя прадметы – своеасаблівая калекцыя ўрачоў аддзялення. Усе экспанаты тут былі вынуты з пацыентаў. Таксама ўбачыць чалавека наскрозь можна ў аддзяленні камп'ютарнай тамаграфіі. Тут сучаснае абсталяванне дазваляе максімальна дакладна даследаваць арганізм пацыента.

Гэты апарат знаходзіцца тут усяго год, але за гэты час паспеў даследаваць больш за 10 тысяч пацыентаў. Дарэчы, кабінет камп’ютарнай тамаграфіі працуе кожны дзень па 24 гадзіны.

Каля апарата адразу некалькі дактароў. Сёння ў Мінскай абласной бальніцы працуе паўтары тысячы супрацоўнікаў. І кожны з іх прыклаў руку да ўжо фактычна двухгадавой рэканструкцыі карпусоў.

Андрэй Каралько, галоўны ўрач Мінскай абласной клінічнай бальніцы:

"Мы навялі парадак на тэрыторыі. Змянілі фасадную частку 2 корпусаў. Таксама мы добраўпарадкавалі дарожнае пакрыццё, тратуарныя дарожкі. Навялі парадак з электраасвятленнем бальніцы. Людзі ўносяць сваю часцінку душы, і гэта дае вельмі добры вынік, у чым мы сёння пераканаліся".

У гэтым таксама ўпэўнены ўсё больш пацыентаў з-за мяжы. Напрыклад, за апошні год беларускія медыкі тут вылечылі практычна тысячу іншаземцаў. Прычым, некаторыя з іх звяртаюцца да нашай медыцыны ўжо не першы раз.