Беларускае тэлебачанне адзначае дзень нараджэння

1 января 2019

Летапіс айчыннага вяшчання пачаўся 63 гады таму. Ад плёнкі да лічбавых тэхналогій, ад эфіраў дзве гадзіны некалькі разоў на тыдзень да тэлебачання заўсёды і паўсюль. За гэты час тэлецэнтр вырас у найбуйнейшы медыяхолдынг краіны, якому давяраюць маштабныя падзеі кантынентальнага размаху. Сёння ў структуру Белтэлерадыёкампаніі ўваходзяць 7 тэлевізійных каналаў, а таксама 5 каналаў радыё. Вяртаемся ў 1 студзеня 1956 года і сочым за эвалюцыяй нацыянальнага ТБ.

Сюжэт Вольгі Мядзведзь.

Зараз вышка на сталічнай вуліцы Камуністычнай не нясе тэлемісіі і асабліва ў навагоднія дні больш служыць арт-аб'ектам Мінска, які цяжка не заўважыць - вышыня тэлевежы 186 метраў. А менавіта з яе і пачалося Беларускае тэлебачанне. Дзякуючы гэтай канструкцыі першы сігнал прынялі чорна-белыя тэлевізары.

Узводзіць будынак айчыннага тэлецэнтра пачалі ў 1953 годзе, а не толькі скончыць, але і выпусціць першыя праграмы павінны былі да 1956-га. Вось толькі будоўля зацягнулася, а эфір ніхто не адмяняў.

Гэта тая самая Тамара Бастун, легендарны дыктар тэлебачання, чый першы крок на нацыянальныя экраны параўнальны з палётам у космас. На вуснах не памада, а зялёнка з-за спецыфічнай перадачы колеру, замест шумаізаляцыі дываны на сценах, а камера настолькі грувасткая, што не ссоўвалася з месца. Для сюжэту пра заводскага рабочага прасцей было прывезці да яе героя са станком для пастаноўкі ў студыі, чым наадварот.

За гэтыя гады тэлебачанне стала паняццем гібрыдным, ствараць кантэнт можна хоць з тэлефона. Вядома, і дом бэтэшнікаў (той, што на Макаёнка 9) кардынальна мадэрнізаваўся. Узорнае тэхнічнае начынне дае бязмежныя магчымасці для стварэння новых праектаў. Чаго вартае толькі дзіцячае "Еўрабачанне-2018", якое Белтэлерадыёкампанія зрабіла пераважна ўласнымі прафесійнымі і тэхнічнымі сіламі.

Грандыёзная мадэрнізацыя ў будучым годзе чакае і галоўную студыю навін. Ад яе застануцца толькі сцены. Часова інфармацыйны ўдар на сябе прыме меншы павільён плошчай 100 метраў. Зараз спецыялісты працуюць над яго афармленнем, і к канцу месяца вяшчаць будзем у новых дэкарацыях.

А зусім хутка чакае нас і яшчэ адна кантынентальная падзея - II Еўрапейскія гульні. Менавіта тут, у спорце, асаблівая ўвага да дэталяў, дзе і спатрэбяцца усе набыткі Белтэлерадыёкампаніі.

Найбуйнейшы медыясегмент краіны закупіў высокатэхнічныя перасовачныя тэлевізійныя станцыі "Ефрасіння", "Яніна", "Рагнеда" і "Паўліна". Першыя дзве ўжо прыбылі ў Мінск. У кожнай тэлеплатформе тэхнічнае начынне ў 20 тон ад перадавых сусветных вытворцаў з функцыямі, якія раней не бачылі беларускія гледачы.