Новы этап супрацоўніцтва Беларусі і Кітая

7 июля 2021

Новы крок у гісторыі міжнародных адносін Беларусі і Кітая. Сёння свае подпісы ў мемарандуме аб супрацоўніцтве паставілі абодва бакі. Асноўны вектар пагаднення -   сфера аховы здароўя. Так, дзякуючы новаму праекту Мінаблвыканкама і кітайскай карпарацыі запланавана будаўніцтва новага хірургічнага корпуса і сучаснай інфекцыйнай бальніцы. Чакаецца, што апошняя размесціцца на тэрыторыі Барысава.

Лі Хайсінь, віцэ-прэзідэнт ААТ "Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС": "Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва будзе спрыяць паляпшэнню жыцця дзвюх краін, умацаванню дружбы народаў і ўнясе ўклад у развіццё Мінскай вобласці. І хоць мы ўжо маем добрую базу супрацоўніцтва, я хацеў бы выказаць падзяку ўсяму беларускаму народу і асабіста Аляксандру Турчыну. Я спадзяюся, што ў нас будзе больш перспектыў супрацоўніцтва, мы ўнясём уклад у развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю".

Кампанія САМС займаецца праектаваннем медустаноў рознай накіраванасці. У планах абодвух бакоў   таксама абмен вопытам у вытворчасці фармпрэпаратаў.

Нарошчваць узаемадзеянне плануюць і ў сферы гандлёвага супрацоўніцтва і сельскай гаспадаркі. Як адзначыў Аляксандр Турчын, беларускі бок зацікаўлены і ў рэалізацыі сумеснага праекта па стварэнні завода дзіцячага харчавання з пастаўкамі ў КНР.