Новы экамаршрут адкрыўся ў Шаркаўшчынскім раёне

19 сентября 2017

Значная яго частка пралягае па тэрыторыі буйнога балота Беларусі Ельня. Разам з турыстамі па экасцежцы прайшлася і наш карэспандэнт Марына Раманоўская.

Адзін націск і на стэндзе загараецца карцінка з адлюстраваннем ляснога насельніка. Вучаніца Германавічскай сярэдняй школы Карына Мядзелец беспамылкова спраўляецца нават са складанымі заданнямі. Летась у школе адкрыўся спецыялізаваны экалагічны клас. Усе заняткі тут праходзяць у інтэрактыўнай форме.

Маляўнічыя стэнды, аб'ёмныя фігуркі жывёл і птушак, сучаснае абсталяванне для лабараторных даследаванняў. Галоўны аб'ект вывучэння - балота "Ельня". Ад Германавічаў да самага буйнога верхавога балота Беларусі - усяго некалькі кіламетраў.

Анжаліка Мельнікава, намеснік гендырэктара па сувязях з грамадскасцю УП "Кока-кола Беўрыджыз Беларусь": "Гэта ўнікальны цэнтр. Ёсць асаблівае абсталяванне, ёсць спецыялізаваныя мікраскопы. Дзеці праводзяць вопыты з вадой. Таксама тут шмат падручнікаў на водную тэматыку. Кнігі самі па сабе інтэрактыўныя і цікавыя".

Зараз, упэўненыя школьнікі, заняткі па экалагічным выхаванні будуць праходзіць яшчэ больш цікава. На тэрыторыі ландшафтнага заказніка з'явілася інтэрактыўная экасцежка. Адкрыццё новага маршруту - частка вялікага экалагічнага праекта.

Пазнавальная прагулка ўключае некалькі прыпынкаў: хваёвы лес, луг, гіганцкі мурашнік. Аматары пракаціцца з ветрыкам маршрут могуць прайсці на веласіпедах.

Працягласць сцежкі два кіламетры. Прагулка разлічана на паўтары гадзіны. Пераадольваць маршрут спецыялісты раяць павольным крокам. Пажадана ўзяць з сабою бінокль - так шанцы ўбачыць, напрыклад, рэдкую птушку, значна павялічацца.

Назіраць за птушкамі прасцей са спецыяльнай вышкі. Яе вышыня больш як шэсць метраў. Прапіску на балоце атрымалі мноства чырвонакніжных птушак. Адна з самых рэдкіх - чарназобая гагара. Сімвал заказніка "Ельня". На тэрыторыі прыродаахоўнага комплексу, распавядаюць эколагі, гняздуюцца ўсяго дзве пары.

Найбольш прыдатная пара для экапрагулак - восень і вясна. Краявіды некранутай прыроды ў гэты час наліваюцца самімі яркімі фарбамі. Напрыклад, зараз усё балота заслана чырвоным дыванам. Ельня заўсёды славілася багатым ураджаем журавін.