Новы пяцідзесяцікватэрны жылы дом здалі ў эксплуатацыю ў Кіраўску.
Яго будаўніцтва заняло дзесяць месяцаў. 50 сем'яў, 18 з якіх шматдзетныя, палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Будаўнікі здалі гэты дом пад ключ: сучасныя апрацоўчыя матэрыялы, сантэхніка і ўжо падведзены Інтэрнэт. Яшчэ адна прыемная асаблівасць - пакватэрнае газавае абаграванне, якое дазволіць жыхарам у любы час года і пры любым надвор'і пачувацца ўтульна і камфортна. Дарэчы, гэта ўжо другі шматкватэрны дом, які пабудаваны ў гэтым раёне Кіраўска.
А ў Крычаве сёння ўрачыста адкрылі бальніцу сястрынскага догляду. Размясцілася яна ў будынку былой чыгуначнай вузлавой бальніцы. Пасля капітальнага рамонту тут абсталявалі прасторныя палаты на 35 пацыентаў. Акрамя гэтага, тут зрабілі сталовую, кабінеты фізіяпрацэдур і лячэбнай фізкультуры. Да паслуг прапаноўваецца масаж, бібліятэка і нават пакой, дзе раз на тыдзень вядзе прыём свяшчэннік.
У планах рамонт другой часткі будынка з наступным размяшчэннем там сезонных пацыентаў. Таксама мясцовы медперсанал увесну збіраецца разбіць у двары сад. І зрабіць невялікі гарод. Такое пажаданне выказалі пацыенты з сельскай мясцовасці. Іх, дарэчы, тут большасць.














