Новы дзіцячы садок адкрыты сёння ў Дзяржынску

30 декабря 2015

Гэта першая дашкольная ўстанова ў Мінскай вобласці, у якой створаныя ўмовы для інклюзіўнага развіцця дзяцей. Яслі-сад разлічаны на шэсць груп і на больш як паўтары сотні выхаванцаў. Ёсць спецыялізаваныя класы для дзяцей з парушэннямі мовы і псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця. Акрамя музычнай і спартыўнай залаў, ёсць басейн, сучасны медыцынскі блок і гульнявыя пакоі. Рэпартаж з Дзяржынска Юліі Токар.

Новы трохпавярховы будынак дзіцячага садка ў Дзяржынску стане другім домам для 163 выхаванцаў. Утульныя памяшканні разлічаны на шэсць груп. Прычым для дзяцей з рознымі псіхафізічнымі магчымасцямі. Гэта першы сад у вобласці, у якім створаныя ўмовы для інклюзіўнага развіцця. Тут і спецыяльнае абсталяванне для плавання ў басейне, і своеасаблівы ліфт, каб маленькія выхаванцы-інваліды маглі пераадольваць паверхі.

Акрамя традыцыйных музычнай і трэнажорнай залаў, тут ёсць і сэнсорны пакой. Падчас заняткаў у наведвальнікаў развіваюць маторыку рук і тактыльнае ўспрыманне. А самае галоўнае – дзеці атрымліваюць эмацыйную разгрузку. Між тым, у гэтым садку асвойваюць і сучасныя тэхналогіі.

Гэты смарт-цэнтр абсталяваны пяццю камп'ютарамі, каб маленькія выхаванцы праз спецыяльныя гульні развівалі логіку мыслення, памяць і ўвагу. А праз гэты вялізны экран падчас прэзентацыі дзеці знаёмяцца з родным горадам.

Алена Яскевіч працы з дзецьмі прысвяціла 30 гадоў. З энтузіязмам вядзе інтэлектуальны гурток. Каб зацікавіць, гульню ў шахматы яна ператварыла ў сапраўдную казку. Тут замест фігур - пластмасавыя танкі, папяровыя кветкі і пірожныя. А сама шахматная дошка выкананая з тканых нітак. Усё – ручная праца.

Падчас урачыстага адкрыцця садка адбыўся святочны ранішнік, які падрыхтавалі выхаванцы, з танцамі і тэатральнымі пастаноўкамі. Напрыканцы імправізаванага канцэрта галоўныя навагоднія чараўнікі - Дзед Мароз і Снягурка - павіншавалі дзяцей салодкімі пачастункамі.