Новы дзіцячы хоспіс на дзень адчыніў дзверы

11 марта 2016

Праўда, пакуль толькі для журналістаў. Сёння ў новым паліятыўным цэнтры правялі экскурсію. Сам будынак гатовы амаль на 100%, і здадуць яго ў эксплуатацыю ўжо ў канцы сакавіка. Але прыняць, скажам, у стацыянар або на рэабілітацыю падапечных пакуль не могуць - трэба закупіць абсталяванне, падрыхтаваць кабінеты і завяршыць добраўпарадкаванне тэрыторыі. Каб новы дом Беларускага дзіцячага хоспіса расчыніў дзверы як мага раней, неабходна дапамога неабыякавых людзей. А зрабіць гэта проста. Як - распавядзе Аляксандра Драгун.

Старання і стараннасці ў вучобе Ангеліне Сінькевіч не займаць. З аднолькавай цікавасцю дзяўчынка рашае прыклады, чытае вершы і піша пад дыктоўку. Вучыцца без званкоў на перамену і з нецярпеннем чакае, калі зноў прыйдзе педагог з новай тэмай.

Пад апекай хоспіса Ангеліна тры гады. Ад апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх да білетаў на канцэрт падтрымка гэтай арганізацыі для шматдзетнай сям'і адчувальная. Зараз усе з нецярпеннем чакаюць адкрыцця новага цэнтра паліятыўнай дапамогі.

Ганна Гарчакова, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса: "Завяршаем збор грошай на будаўніцтва. Вядома, яшчэ засталіся нейкія дробязі, вы самі бачыце, ідзе завяршэнне. Зараз асноўны ўпор - гэта збор грошай на абсталяванне. Было б добра, калі б хтосьці сказаў, гэта будзе наш пакой - наша кампанія яго абсталюе, напрыклад, музычная. Калі ласка. Мы напішам таблічку, што гэта зрабіла кампанія вось такая".

Каб наблізіць адкрыццё новага дома для асаблівых дзяцей, хоспіс аб'явіў эстафету аўкцыёнаў з медыйнымі людзьмі. За месяц неабходна сабраць паўмільярда рублёў! Першым адгукнуўся на дабрачынную ініцыятыву вядучы тэлеканала "Беларусь 1" Яўген Перлін.

Яўген Перлін, вядучы тэлеканала "Беларусь 1": "У мяне была думка зрабіць экскурсію па Белтэлерадыёкампаніі. Распавесці, як працуюць "Навіны", як працуюць іншыя праграмы. Паказаць, у якіх студыях гэта ўсё робіцца. Пэўна, такі бэк-стэйдж будзе цікавы людзям".

Акрамя гэтага ў падтрымку хоспіса праходзіць чэлендж-праект - "17 добрых спраў". Інакш кажучы, гэта серыя карпаратыўных суботнікаў, пасля якіх адна кампанія кідае "відэавыклік" іншай. Правесці з карысцю выхадныя прапаноўваюць да чэрвеня. А сёння толькі на дзень новы хоспіс адчыніў дзверы… пакуль - для журналістаў.

Будынак дзіцячага хоспіса мае асаблівую планіроўку і нават сваю філасофію. Да прыкладу, прынцыпова важна, каб тут адсутнічала калідорная сістэма, а вокны палат выходзілі толькі на сонечны бок. У новым цэнтры паліятыўнай дапамогі не будзе бар'ераў. У тым ліку, дзякуючы трэкернай сістэме, якую ўсталявалі ў васьмі палатах.

На такое сучаснае абсталяванне пайшлі сродкі, якія збіралі ўсім мірам. За 5 гадоў у скарбонку хоспіса паступіла больш за 36 мільярдаў 600 мільёнаў рублёў.

Дарыл Эн Хардман, Старшыня ГА "Сябры Беларускага дзіцячага хоспіса" (Вялікабрытанія): "Наступны этап, вядома, мы жадаем аформіць сад, каб было шмат зеляніны, шмат кветак, шмат усякага цікавага, каб нават узімку было хораша".

У канцы сакавіка будынак дзіцячага хоспіса здадуць у эксплуатацыю. Але прыняць на рэабілітацыю падапечных пакуль не змогуць - трэба абсталяваць палаты. Дарэчы, першым адкрыюць стацыянар. Дапамагаць дзецям у новым паліятыўным цэнтры плануюць з ліпеня.