Новы біятлонны комплекс на спартыўнай карце Беларусі

31 мая 2019
Новы біятлонны комплекс з'явіўся на спартыўнай карце Беларусі, а больш дакладна, у аграгарадку Мір пад Баранавічамі. Калі падыходзіць фармальна, то будаўнікі там правялі рэканструкцыю, але калі параўнаць, якія ўмовы былі яшчэ ў канцы сакавіка і якія зараз, то розніца  ў магчымасцях для юных спартсменаў проста вялізная. У сакавіку Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць азнаёміўся са спартыўным аб'ектам і даручыў павысіць яго функцыянальныя магчымасці. Зараз тут з'явілася сучаснае стрэльбішча на 20 установак, падоўжылі трасу. Мікалай Стула пабываў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця.

Гэта кадры са студзеньскага адборачнага этапа "Снежны снайпер" па Брэсцкай вобласці. Дзецям даводзіцца страляць вось па такіх прымітыўных устаноўках не менш прымітыўнай зброяй. Нядзіўна, што ў фінальных біятлонных спаборніцтвах заходні рэгіён сярод адстаючых. 

Крыўдна за дзяцей, гаворыць перад урачыстым адкрыццём новага комплексу трэнер Арцём Скіпар і абяцае, што брастаўчане ўжо хутка падцягнуцца.

Сёння тут з'явілася сучаснае стрэльбішча на 20 установак. Памеры стадыёна 70 на 90 метраў, адлегласць да мішэняў 50 метраў, прасторны падыход да агнявых меж, асвятленне.  Намеснік кіраўніка Баранавіцкага райвыканкама паказвае новы інвентар і распавядае, як паспелі пабудаваць стрэльбішча ў самыя кароткія  тэрміны.

Пасля цырымоніі адкрыцця губернатар Брэсцкай вобласці Анатоль Ліс сам устаў на лыжа-ролеры, пракаціўся па стадыёне і на высокім пульсе выпрабаваў мішэні. Упэўнены, што гэты аб'ект стане запатрабаваным не толькі для Баранавіч і наваколляў, а  для ўсёй вобласці. 

Акрамя стрэльбішча, на гэтым стадыёне палепшылі і саму трасу. Круг стаў 2,5 кіламетра. Для развіцця летняга біятлона тут ёсць усё прама зараз. Да зімы ў маласнежнай Брэсцкай вобласці таксама рыхтуюцца. Ужо купілі снегагенератар, ідзе бурэнне спецыяльнай свідравіны. Федэрацыя біятлона на свята прыехала з падарункам - аўтобусам - і паабяцала, што хутка Баранавічы прымуць рэспубліканскія спаборніцтвы. 

У гэтай школе займаюцца біятлонам больш за 50 чалавек, але гасцяваць тут будуць усе раёны Брэстчыны. Ужо зараз складаецца расклад трэніровак.