Новыя магчымасці транспланталогіі абмяркоўвалі ў Мінску спецыялісты з 9 краін

26 сентября 2013
Стваловыя клеткі крыві змогуць дапамагчы ў лячэнні інсультаў, апёкаў і нават цукровага дыябету. Новыя магчымасці транспланталогіі абмяркоўвалі ў Мінску спецыялісты з 9 краін. Медыкі прыехалі ў беларускую сталіцу на Еўразійскі кангрэс па трансплантацыі стваловых клетак - менавіта гэтая методыка лячэння лічыцца найболей перспектыўнай ва ўсім свеце.

Падрабязнасці - у Кацярыны Шыбко.

Сёння ў Мінску сабраліся больш за 150 спецыялістаў з 9 краін свету. Нягледзячы на тое, што падобная сустрэча праходзіць упершыню, калегі ўжо даўно ведаюць адно аднаго. Паводле слоў медыкаў, пытанні трансплантацыі стваловых клетак павінны абмяркоўвацца спецыялістамі з усяго свету. З аднаго боку гэта перадача вопыту, з іншага - цеснае супрацоўніцтва ў стварэнні агульных донарскіх баз.

Па сутнасці, пошук донараў і стварэнне спецыяльных банкаў і стала галоўнай тэмай абмеркавання. Гэта і ёсць самая частая праблема, з якой сутыкаюцца медыкі. Менавіта таму беларусы робяць усё магчымае, каб у хуткім часе далучыцца да Міжнароднай асацыяцыі рэгістраў донараў стваловых клетак крыві. Асноўны этап ужо пройдзены, мы атрымалі акрэдытацыю Еўрапейскай асацыяцыі імунагенетыкі. Гэта гаворыць у першую чаргу аб высокім узроўні развіцця ў нашай краіне клеткавай трансплантацыі.

Зразумела, гэта дазволіць максімальна хутка знайсці донара і перамагчы нават самыя страшныя дыягназы - лейкоз або, напрыклад, склероз. Зараз у нашай краіне кожны год праводзіцца каля 150 трансплантацый касцянога мозгу і стваловых клетак.

І гэта вельмі добры паказчык - сцвярджае кіраўнік транспланталогіі адной з клінік Японіі Наота Такахамі. З беларускімі калегамі яны ўжо даўно супрацоўнічаюць.

Наота Такахамі, кіраўнік транспланталогіі ў аддзяленні гематалогіі ўніверсітэцкай клінікі г. Акіта: Паміж Беларуссю і Японіяй працуюць сумесныя праграмы абмену. У нашу клініку нядаўна прыязджалі вашы спецыялісты. Я ўпэўнены, што Беларусь можа стаць адным з лідараў у сферы транспланталогіі. Вы стаіце на правільным шляху.

Зараз айчынныя спецыялісты працуюць над новымі метадамі лячэння стваловымі клеткамі. Некаторыя клінічныя выпрабаванні ўжо праходзяць у беларускіх лабараторыях. Не выключана, што праз пару гадоў стваловыя клеткі змогуць дапамагчы перамагчы інсульты, апёкі, хваробу Альцгеймера нават цукровы дыябет.