Новыя сацыяльна значныя аб'екты будуюць і рыхтуюць да адкрыцця ў Фаніпалі і Дзяржынску

18 апреля 2022

Новы этап у развіцці сталічных гарадоў-спадарожнікаў! Так, у Фаніпалі сёлета навасёламі стануць 119 мясцовых шматдзетных сямей. Набываюць жыллё тут і мінчане. За апошнія тры гады насельніцтва Фаніпаля павялічылася на тры тысячы чалавек - да 18 тысяч жыхароў. Зараз тут будуюць дзіцячы садок на 230 месцаў, ён стане шостым для горада. А ў планах і школа, прычым не тыпавая, а на 1050 месцаў. Адным з самых доўгачаканых аб'ектаў будзе і фізкультурна-аздараўленчы комплекс для дарослых і дзяцей.

З улікам інтэнсіўнага развіцця горада-спадарожніка Фаніпалю спатрэбіцца і мадэрнізацыя аб'ектаў энергетыкі і водазабеспячэння. І тут ў інжынераў і будаўнікоў ёсць свае рашэнні.

А ў Дзяржынску, акрамя новых жылых дамоў і магазінаў, у цэнтральнай раённай бальніцы сёлета таксама адкрыюць новыя кабінеты КТ і МРТ. Таксама ў гэтым горадзе-спадарожніку пачалі будаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс з вялікай залай для гульнявых відаў спорту.