Новыя сенсацыйныя знаходкі зрабілі археолагі

6 июля 2015

Гэтыя маладыя беларусы праводзяць канікулы з карысцю не толькі для сябе, але і для ўсёй краіны. Юныя археолагі вырашылі разгадаць загадку старажытнага беларускага горада Мсціслава. Вынікі перасягнулі чаканні. На Замкавай гары знойдзена вуліца, якая з'явілася яшчэ задоўга да заснавання горада. Аб чым маўчаць тысячагадовыя артэфакты, даведаўся Андрэй Ястрабаў.

Слой за слоем археолагі набліжаюцца да галоўнай разгадкі стагоддзя - ці такі старажытны горад, як лічылі гісторыкі. Афіцыйна гэта XII стагоддзе, а названы Мсціслаў у гонар заснавальніка - князя Мсціслава Вялікага. Але што ні археалагічная экспедыцыя, то знаходка, якая адсоўвае гісторыю гэтага мястэчка на стагоддзі. Гэтым разам дзеля чарговай сенсацыі археолагам давялося спусціцца пад зямлю на 4 метры.

Студэнты Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова, якія сумясцілі канікулы з практыкай, за тры дні паднялі з-пад зямлі кілаграмы асколкаў посуду, бранзалетаў і караляў. Знайшлі нават цэлую вуліцу з драўлянай маставой.

Тое, што Мсціслаў ужо да XII стагоддзя меў высокаразвітую інфраструктуру і вёў гандаль нават з Усходам, зараз гэта вядома дакладна.

Ігар Марзалюк, загадчык кафедры археалогіі Магілёўскага ўніверсітэта ім. А.А.Куляшова: "Гэта шкляны бранзалет. Хутчэй за ўсё, Візантыя або Сірыя. Кожная гараджанка на руках насіла такія бранзалеты. Але гэта імпартная рэч. Шкло наогул тады было дарагое. Такія рэчы - гэта неад'емны атрыбут гарадскога культурнага слоя".

Адна з унікальных знаходак - абраз з малюнкам Алены і Канстанціна, візантыйскага імператара, які заснаваў Канстанцінопаль. Артэфакт прыадчыніў таямніцу з'яўлення хрысціянства на мсціслаўскай зямлі. Знаходкай зацікавіліся ў Акадэміі навук.

Археалагічная экспедыцыя, упэўнены гісторыкі, прынясе яшчэ нямала адкрыццяў. Бо раскопкі на Замкавай гары працягваюцца. Мясцовыя ўлады ўжо строяць планы па аднаўленні старажытнага горада.

Такія намаганні не марныя. Гісторыкі разам з навукоўцамі мараць вярнуць Мсціславу былую славу. Горад, на іх думку, годны таго, каб стаць археалагічным запаведнікам. І, без перабольшання, турыстычнай Мекай.