Новыя правілы гандлю тытунем

27 мая 2015

З 1 ліпеня адкрытая выкладка тытунёвых вырабаў стане парушэннем заканадаўства. Гэта можа пагражаць штрафам да 9 мільёнаў рублёў. Ці гатовыя магазіны да новаўвядзенняў?

Пра новыя правілы гандлю тытунем раскажа Святлана Лук'янюк.

Па новых правілах гандляваць пачнуць праз месяц. З ліпеня такой выкладкі цыгарэт ля касы не будзе. Магазіны ўжо сёння да гэтага рыхтуюцца. Абсталяванне з празрыстымі вітрынамі яшчэ не дэманціруюць, але месцы для закрытых вітрын прыглядаюць.

Вольга Міронава, загадчыца прадуктовага магазіна: "Дзесьці гэта будуць асобныя экспрэс-касы, у вялікіх магазінах гэта будуць асобныя аддзелы, каб было зручна і касіру, і пакупніку. Ён будзе ведаць, што ёсць спецыяльна адведзенае месца, куды ён можа падысці і купіць".

Тытунь з ліпеня толькі ў закрытых вітрынах. Бо пачкі цыгарэт на ўзроўні вачэй - гэта свайго роду ўтоеная рэклама. Ад яе ў першую чаргу абараняюць дзяцей і падлеткаў. Той, хто курыць, сваю цыгарэту знойдзе ў любым выпадку, упэўненыя ў Мінгандлю.

Віялета Бразоўская, начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Мінгандлю Беларусі: "Калі падышоў пакупнік, папрасіў пачак цыгарэт, прадавец можа адкрыць гэтае абсталяванне, прадаць пачак цыгарэт і тут жа павінен закрыць. Дык вось гэтае кароткачасовае адкрыццё не будзе з'яўляцца парушэннем заканадаўства".

Калі вітрына на доўгі час застанецца адкрытай, давядзецца заплаціць штраф да 9 мільёнаў рублёў. Каб зняць шматлікія пытанні ўжо зараз і зрабіць правілы гульні зразумелымі, Міністэрства гандлю распрацавала рэкамендацыі для гандлёвай сеткі.

Віялета Бразоўская, начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Мінгандлю Беларусі: "Мы пералічылі ўсе наяўныя ў Беларусі зарэгістраваныя таварныя знакі, размясцілі іх у алфавітным парадку, таму гандлёваму аб'екту трэба толькі запампаваць гэты пералік з сайта Мінгандлю і пад асартымент проста раздрукаваць і напісаць кошт".

Вось так будзе выглядаць гэты пералік - белы ліст фармату А4 або электронныя панэлі. Літары аднолькавага памеру, без графічных малюнкаў, фатаграфій, якія б прыцягвалі ўвагу. Тытунёвыя кампаніі гатовыя са свайго боку пайсці насустрач гандлю і дапамагчы абсталяваць закрытыя вітрыны або аддзелы.

Генадзь Бруснікаў, дырэктар тытунёвай кампаніі: "Наконт месца, дзе прадаюць цыгарэты, пакупнік даведаецца пры дапамозе спецыяльных таблічак і паказальнікаў. Прадукт застанецца ў наяўнасці ў поўным аб'ёме, у поўным асартыменце".

Закрытая выкладка цыгарэт - гэта сусветная практыка. Па такім шляху ідзе Еўропа, ды і наша суседка Расія.

З 1 ліпеня таксама забарона на вытворчасць і продаж тавараў, якія імітуюць тытунёвыя вырабы. Гэта, напрыклад, флаконы парфумы, мыла ў каробцы, што нагадвае пачак цыгарэт, жавальныя гумкі, а таксама пад забарону трапляюць электронныя цыгарэты, калі яны падобныя на звычайныя.

А вось запалкі, запальніцы, трубкі і цыгарэтная папера пад забарону продажу ў адкрытых вітрынах не трапілі.