Новыя правілы пры атрыманні шэнгена

23 июня 2015

У абмен на візу ў пашпарце неабходна здаваць адпячаткі пальцаў. З сённяшняга дня падаваць дакументы ў консульствы і візавыя цэнтры беларусам трэба асабіста. Адпячаткі пальцаў будуць захоўвацца ў адзінай базе амаль 5 гадоў. Такія меры прынятыя з мэтай бяспекі турыстаў.

Ці спросціць гэта працэс атрымання віз, высвятляў Аляксандр Смірноў. 

Сёння ля літоўскага пасольства чарга. Карціна звыклая, акрамя аднаго істотнага нюансу. Зараз для атрымання візы неабходна здаваць адпячаткі пальцаў і фота ў лічбавым выглядзе.

Французскае пасольства стала піянерам у галіне высокіх тэхналогій. Збор біяметрычных звестак для беларусаў увялі ў якасці эксперыменту яшчэ ў 2005 годзе. Эксперымент атрымаўся якасным, і новаўвядзенне ўжо ў статусе абавязковай працэдуры з'явілася ў іншых краінах.

Сама працэдура праходзіць абсалютна бязбольна. Візу атрымаюць людзі з чыстымі рукамі - з першага погляду ігра слоў, з іншага боку, чыстая праўда. У прамым сэнсе слова. Бывалі выпадкі, калі сродкі па догляду скуры перашкаджалі дамам захаваць індывідуальнасць і выключнасць сваіх пальцаў.

Еўрапейскія пасольствы не зацікаўленыя ва ўскладненні працэдуры атрымання віз для беларусаў, прызнаецца Рудольф Рышар. Гэтая мера ў першую чаргу - патрабаванне бяспекі. Усе пасольствы падключыліся да Візавай інфармацыйнай сістэмы (скарочана ВІС). Пазней да яе падключацца ўсе консульствы шэнгенскага пагаднення і КПП на мяжы з ЕС.

10 гадоў вопыту збору біяметрычных звестак у французскім пасольстве не прайшлі дарма. Напрыклад, былі распрацаваныя рэкамендацыі, хто не павінен здаваць адпячаткі пальцаў. Гэта дзеці да 12 гадоў, інваліды, члены ўрада, афіцыйныя дэлегацыі і тыя, хто едзе са службовымі мэтамі.

Жан Іў Вале, начальнік візавай службы пасольства Французскай Рэспублікі ў Беларусі: "Хачу нагадаць, што візы атрымаць становіцца прасцей. Калі чалавек здаў адпячаткі пальцаў і лічбавае фота, то наступныя 5 гадоў яму не абавязковая асабістая прысутнасць у пасольстве. Дакументы для атрымання візы ён можа перадаць праз давераную асобу".

Як гавораць дыпламаты, біяметрычныя звесткі дазволяць аператыўна працаваць з інфармацыяй. Дзе б на тэрыторыі ЕС не знаходзіўся чалавек, праваахоўныя органы змогуць хутка праверыць сапраўднасць дакументаў і высветліць пры неабходнасці асобу іх уладальніка.

Беларусы любяць працаваць і адпачываць. Згодна са статыстыкай, кожны дзясяты раз на год ездзіць у краіны ЕС. Біяметрыя павысіць бяспеку і падштурхне краіны да прадуктыўных адносін.