Новыя плошчы і новыя рэзідэнты ў Мінскім гарадскім тэхнапарку

15 февраля 2017

Дадатковыя вытворчыя пляцоўкі здадуць у сакавіку. Спіс кампаній тэхнапарка папоўняць распрацоўшчыкі сімулятараў грузавых і легкавых аўтамабіляў, вытворцы супрацьпажарнай тэхнікі, фармакалагічных і нанатэхналогій. Такім чынам да канца года ў інавацыйным цэнтры будзе створана больш за 100 рабочых месцаў. Наталля Кузьміцкая прадоўжыць тэму.

З некалькіх тысяч дэталяў у лабараторыі кампаніі Аляксандра Лабанеўскага распрацавалі ўнікальны хірургічны інструмент. Шматфункцыянальны лазер, які сумяшчае розныя віды малаінвазіўных аперацый. У Мінскай абласной клінічнай бальніцы з дапамогай гэтай разумнай тэхнікі паспяхова правялі ўжо больш за 4 тысячы хірургічных ўмяшанняў.

За магчымасць ля аперацыйнага стала адным націскам памяняць даўжыню і магутнасць лазернай хвалі гатовы плаціць за мяжой. У партфелі заказаў сёння кантракты з краінамі Азіяцкага рэгіёна. Дарэчы, большасць кампаній - рэзідэнтаў тэхнапарка сёння арыентаваныя на экспарт.

Сферы вытворчасці самыя розныя: ад фармацэўтыкі да лазерных тэхналогій, прыборабудавання і металаапрацоўкі. У хуткім часе наваселле ў інавацыйным цэнтры справяць яшчэ 7 прадпрыемстваў.

Нанова адбудаваная пляцоўка плошчай сем з паловай тысяч метраў падзелена на 6 боксаў. Будучыя рэзідэнты пакрысе завозяць абсталяванне. Хутка тут будзе наладжаны выпуск матэрыялаў для лакафарбавай прамысловасці, супрацьпажарнай тэхнікі. Побач будуць працаваць спецыялісты прадпрыемства па вырабе высокадакладнай оптыкі, якое ў межах тэхнапарка пашырае ўжо існуючыя вытворчасці.

Пасля завяршэння рэканструкцыі ўсяго комплексу - у канцы 2018 года - патэнцыял тэхнапарка павялічыцца з 30-ці кампаній да 70-ці. Прывабны кошт арэндных плошчаў і некаторыя падатковыя льготы для рэзідэнтаў спрыяюць стварэнню новых рабочых месцаў.

Ужо ў маі стартуе традыцыйны конкурс інавацыйных праектаў, на якім вытворцы і распрацоўшчыкі высокатэхналагічных паслуг або прадукцыі атрымаюць падтрымку і сродкі на рэалізацыю сваіх ідэй.