Новыя восеньскія маршруты і калекцыі падрыхтаваў Батанічны сад

7 сентября 2021

Унікальная скарбніца айчыннай і замежнай флоры – Цэнтральны батанічны сад - кожны сезон дэманструе наведвальнікам новыя праграмы і захапляльныя экскурсійныя маршруты. Восень для батанічнага комплексу – адзін з самых яркіх перыядаў. Квеценню і восеньскімі зменлівымі кронамі тут здзіўляюць сотні сартоў і відаў расліннага свету. Што са звычайнага, а што з навінак можна ўбачыць у самым знакамітым, маштабным і багатым парку краіны, ведае Наталля Бардзілоўская.

Прывабны і адкрыты круглы год. Нават узімку тут ёсць на што паглядзець (працуе экспазіцыйная галерэя трапічных і субтрапічных раслін). Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі восенню асабліва буяе фарбамі. Здавалася б, вясновы росквіт ці летняя сакавітая флора адышлі. Класічна  з верасня па лістапад прырода замірае. Але свет дзівосных фарбаў і водараў самы буйны ў краіне дэндрарый раскрывае па-ранейшаму ярка праз новыя пасадкі і традыцыйныя калекцыі раслін. Каляндар  асенняга цвіцення сада поўны, а праграма мерапрыемстваў у ім  уражвае.

Беларуская калекцыя хрызантэм  уключае 200 сартоў. Расліна родам з Кітая, добра прыстасаваная да кліматычных умоў нашай краіны. У Батанічным садзе ганарацца сартамі ад кітайскіх, украінскіх і расійскіх калег – замежныя хрызантэмы прыжыліся на нашай глебе. Свае вынаходкі ў селекцыі ўсходняй кветкі маюць і беларускія навукоўцы.

Аксаміткі, касмея, каны і дэкаратыўная капуста. У класічным восеньскім букеце  шматгадовыя і аднагадовыя расліны. Рознакаляровая палітра астр. Сваяк шалфея – сальвія. Сланечнікі і  каралева кветак – ружа.

Наталля Бардзілоўская, карэспандэнт:

Некаторыя ружы Батанічнага сада квітнеюць да самых замаразкаў  - да канца кастрычніка – пачатку лістапада. У калекцыі гэтых кветак 270 сартоў. Сёлета гэты збор папоўніўся дзясяткам новых найменняў.

Ружы-навінкі пакуль прайшлі выпрабаванні ў закрытым грунце. Наступным летам будуць цвісці на адкрытым сярод вось гэтых прыгажунь. Фларыбунда: чайна-гібрыдныя, пляцістыя і мініяцюрныя – самыя марозаўстлойлівыя віды гэтай кветкі. Мы імі любуемся, а спецыялісты сада рыхтуюць іх да зімоўкі.

Восень – час асаблівых клопатаў для супрацоўнікаў Батанічнага сада. Каля сотні чалавек – навукоўцы, аграномы, лабаранты і рабочыя – рыхтуюць аб'ект да зімовай пары. Важна правільна паклапаціцца пра глебу, насенне, некаторыя расліны  зняць і схаваць у падвал, некаторыя  накрыць і ўцяпліць. Дагледзець трэба нямала, каб вясной сад зноў ажыў і заквітнеў.