Гэтай восенню толькі ў Фрунзенскім раёне пачнуць працу тры дзіцячыя садкі. Два з іх – пасля капітальнага рамонту. Навучальныя ўстановы прымуць паўтысячы дзяцей з мікрараёнаў Захад, Каменная Горка і Сухарава. У наступным годзе пачнуць будаўніцтва яшчэ некалькіх садкоў, у тым ліку і па замежных праектах. Аляксандра Кавеліч убачыла, як ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года.
Пакуль тут можна пачуць толькі грукат малаткоў, а ўжо восенню загучыць гул дзятвы. Гэты садок у мікрараёне Захад сёлета цалкам адновяць. Больш за 10 гадоў таму дашкольную ўстанову закрылі з-за недахопу выхаванцаў. Зараз сітуацыя кардынальна змянілася: дзяцей у Фрунзенскім раёне шмат, і месцы ў садках - дэфіцыт. Штогод тут рэгіструюць амаль 7 тысяч маленькіх жыхароў.
Хутка на тэрыторыі з'явяцца гульнявыя пляцоўкі і гарадок для вывучэння правілаў дарожнага руху. Усталююць сістэму відэаназірання. Сам будынак значна мадэрнізавалі – тут з камфортам размесцяцца 200 малышоў.
Да восені ў Фрунзенскім раёне адновяць яшчэ адну дашкольную ўстанову. Яна зможа прыняць паўтары сотні дашкольнікаў, у тым ліку – ясельнага ўзросту.
У гэтым дзіцячым садку па праспекце Пушкіна таксама завяршаюць падрыхтоўку да новага навучальнага года. Тут правялі капітальны рамонт памяшканняў, поўнасцю аднавілі фасады. Абсталявалі і сучасныя гульнявыя зоны са спартыўнымі снарадамі і камфортнымі месцамі адпачынку.
Да таго ж, у самым густанаселеным раёне сталіцы зараз узводзяць і тры новыя дзіцячыя садкі з басейнам у мікрараёнах Каменная Горка і Сухарава.
Усяго ж у сталіцы зараз ўзводзяць 9 навучальных устаноў для дашкольнікаў. У наступным годзе распачнецца будаўніцтва дзіцячага садка ў мікрараёне Дражня і двух – паблізу ад вуліцы Лібкнехта.













