Новыя метады выхавання і навучання прымяняюць у дзіцячых садках Мінскай вобласці

12 марта 2019

Малых вучаць ткацтву, гульні ў шахматы, замежнай мове. Дашкольная ўстанова № 1 у Смілавічах лічыцца адной з лепшых у цэнтральным рэгіёне. У шасці групах займаюцца 150 дзяцей. Многія з іх ахвотна развіваюць і акцёрскія здольнасці, удзельнічаюць у тэатральных пастаноўках.

Які шлях прапануюць для новага пакалення, раскажа Наталля Кезік. Габелены і дываны для лялек у тэхніцы ручнога ткацтва. Выхаванцы смілавіцкага дзіцячага садка № 1 над карцінамі са стужак, нітак альбо шнуркоў працуюць амаль штодня. Гурток па старадаўняй тэхніцы пляцення дзеці наведваюць ахвотна. Разам з ткацтвам працуе і група юных паліглотаў, дзе дзятва вывучае англійскую мову.

Заняткі па замежнай мове ў садку вядзе настаўнік з мясцовай школы. Акрамя лінгвістычных урокаў, дашкольнікі наведваюць танцавальны гурток і спартыўную секцыю. У першым смілавіцкім дзіцячым садку дашкольнікі з пяцігадовага ўзросту могуць навучыцца гуляць у шашкі альбо шахматы. Усе дошкі і фігуры -  шахматныя і шашачныя - зроблены рукамі бацькоў і выхавальнікаў.

Дзякуючы ім у садку з'явілася і свая багатая касцюмерная. Форма міліцыянера, ратавальніка, касцюм прадаўца і цырульніка. Убораў для розных тэатральных паказаў і святочных ранішнікаў хопіць на ўсіх выхаванцаў. У дзіцячым садку 7 выхавальнікаў. Сярод маладых спецыялістаў Кацярына Чарняўская. Па размеркаванні пасля педагагічнага ўніверсітэта яна са сталіцы прыехала працаваць у Смілавічы. З гэтага года набрала сваю групу дзяцей.

Не першы год у дашкольнай установе адукацыі працуюць ранішнія і вячэрнія групы. Тут дзеці знаходзяцца пад наглядам выхавальнікаў з сямі гадзін раніцы да сямі вечара. А "Матуліна школа" дапамагае дзецям прывыкнуць да новых умоў у дзіцячым садку.