Новыя метады барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі

2 апреля 2014
У Рэспубліканскім цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі створаны новы адукацыйны цэнтр брахітэрапіі. Стажыравацца там змогуць не толькі ўрачы з Беларусі, а і з краін СНД. Дарэчы, у нашай краіне ўсяго каля пятнаццаці ўрачоў-брахітэрапеўтаў. Між тым, патрэба ў кампетэнтных вузкапрофільных спецыялістах расце з кожным годам прапарцыянальна павелічэнню колькасці пацыентаў з анкалогіяй.

Надзея Сербіненка пра інавацыі айчынных брахітэрапеўтаў.

У Рэспубліканскім цэнтры анкалогіі з інавацыйным метадам брахітэрапіі ўжо добра знаёмыя. Анколаг Ніна Васільеўна дапамагла тысячам жанчын выратавацца ад раку шыйкі маткі. А гэты вялізны рэнтгенаўскі апарат дапамагае ёй у рэальным часе разгледзець новаўтварэнне з розных ракурсаў.

Менавіта ад дакладнасці разлікаў медыцынскіх фізікаў залежыць, якую дозу ірыдыю - радыеактыўнага элемента - атрымае пацыент.

Такіх аперацый у цэнтры анкалогіі праводзіцца каля пятнаццаці на тыдзень. Таму выратаванне жыцця людзей для анколагаў - штодзённая і вельмі важная праца. Зараз мы знаходзімся ў аперацыйнай брахітэрапіі. Пацыент, якому праводзіцца працэдура, хворы на рак прастаты. Зараз у гэта цяжка паверыць, але дзякуючы двухгадзіннай аперацыі ўжо заўтра ён будзе выпісаны з бальніцы і зможа выйсці на працу.

Для лячэння раку ва ўсім свеце, акрамя прамянёвай і хіміятэрапіі, дагэтуль выкарыстоўваецца і самы радыкальны метад - хірургічнае выдаленне пухліны. Брахітэрапія стала сапраўднай вынаходкай для анколагаў.

Ужо хутка на базе Рэспубліканскага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава запрацуе новы адукацыйны цэнтр. У гэтых аперацыйных будуць стажыравацца ўрачы-анколагі з усіх краін СНД.