Новыя маршруты па сталіцы Францыі набываюць папулярнасць у турыстаў з Беларусі

23 июня 2013


Адшукаць сляды знакамітых землякоў вандроўнікам дапамагаюць сталічныя тураператары.


Як удала сумясціць класічную праграму парыжскага праменаду з беларускай аўтэнтыкай, ведае Аксана Шыдлоўская. Парыж - адзін з найбольш турыстычна прывабных еўрапейскіх гарадоў. Штогод сталіцу Францыі наведваюць дзясяткі мільёнаў людзей, у тым ліку і з Беларусі. Авіяпералёты, аўтобусныя туры і нават круізы па рэках Еўропы. Улетку ўсе шляхі вядуць да Эйфелевай вежы.


Людміла Восіпаўна працуе ў сферы міжнароднага турызму больш як 20 гадоў. За гэты час у Парыжы пабывала разоў 30, вывучыла горад дасканала і цяпер ахвотна дапамагае мінчанам, і не толькі, адкрыць наш, беларускі Парыж. Кожны, хто прыязджае ў Парыж, найперш накіроўваецца да Эйфелевай вежы, Луўра, Трыумфальнай аркі, Нотр-Дама. Зрабіць больш разнастайнай класічную праграму знаёмства са сталіцай Францыі многія беларусы згаджаюцца ахвотна. Бо гэта найлепшая магчымасць дакрануцца да сусветнай спадчыны, на якой і сёння грунтуюцца беларуска-французскія культурныя стасункі.


Каб найлепш адчуць непаўторную аўру горада на Сене, многія аддаюць перавагу менавіта пешым падарожжам, іншыя - наадварот, вандруюць з халадком на аўтобусе ці на караблі па рацэ. Але ж самы запатрабаваны транспарт у Парыжы - веласіпед. На ім зручна пераязджаць з аднаго месца ў другое, і пры гэтым - эканоміць час. Што ж да ўражанняў, то яны ва ўсіх - аднолькавыя. У горадзе рамантыкаў інакш і быць не можа. Нават падчас першага, мімалётнага знаёмства з Парыжам, кожнаму прыходзяцца даспадобы свае, адметныя мясціны. Ці то Лацінскі квартал, ці то самая шырокая вуліца - авеню Фош, ці наадварот - самая вузкая, шырыня якой усяго 1 метр 80 сантыметраў. Завецца яна - Кошка-рыбалоў. Завітаць да яе, значыць злавіць удачу за хвост, і прыхапіць з сабой, як найлепшы ўспамін пра чароўны Парыж.