Новыя імёны герояў на абеліску ў Клічаве

30 июня 2015

Перад важным гістарычным святам - Днём Незалежнасці Беларусі - новыя імёны герояў з'явіліся на абеліску ў Клічаве. Сёння ўрачыста перапахавалі астанкі лётчыкаў, загінуўшых у 1943. Самалёт збіла нямецкая артылерыя. Пошукавая аперацыя доўжылася амаль год. Тыя, хто загінуў, доўгі час знаходзіліся ў спісах прапаўшых без вестак. Зараз імёны герояў вядомыя. Ушанаваць іх памяць у Клічаў прыехалі іх сваякі.

Расказвае Андрэй Ястрабаў.

Масквічка Святлана Фурцава - пляменніца лётчыка экіпажа Іл-4, які ў 1943 узарваўся над клічаўскімі балотамі. Гаворыць, 70 гадоў у сям'і захоўвалі памяць пра Вячаслава Хайлова, бортрадыста, яе дзядзьку.

Святлана Фурцава, пляменніца Вячаслава Хайлова, Расія: "Нават не магу знайсці словы падзякі, каб выказаць усё, што ў мяне зараз унутры. Усім пошукавікам, якія непасрэдна прымалі ўдзел, якія капаліся ў архівах. І знаходзілі, хто гэты экіпаж".

Гэта вынік карпатлівай працы пошукавікаў. Яны вывучылі не адзін дзясятак дакументаў і карт, якія пацвярджаюць, што ў 1943 годзе менавіта тут, у непраходных клічаўскіх балотах, разбіўся савецкі бамбардзіроўшчык. Калі з твані атрымалася дастаць рухавік, стала зразумела: імёны лётчыкаў абавязкова высветляць. У пошукавай аперацыі прымала ўдзел і наша здымачная група. Гераічнасці савецкіх лётчыкаў мы прысвяцілі спецыяльны рэпартаж.

Калі Святлана ўбачыла яго па тэлевізары, і падумаць не магла, што гаворка ідзе пра той самы экіпаж.

Святлана Фурцава, пляменніца Вячаслава Хайлова, Расія: "Мы паглядзелі рэпартаж па тэлевізары цалкам выпадкова, як звычайна глядзіш тэлевізар. І мы ўбачылі, што ў Беларусі дастаюць самалёт. І мы ўспомнілі, што ў нас таксама дзядзька загінуў у Беларусі".

Памяць пра паветранага стралка экіпажа Іл-4 Хакіма Музафарава сям'я беражліва захоўвала ўсе гэтыя гады. Ізатыла Кудратаў, брат загінуўшага лётчыка, сёння таксама тут, у Беларусі. Прыляцеў з Ташкента з унукам, гаворыць, для яго сям'і гэта святы дзень.

Перапахавалі загінуўшых лётчыкаў недалёка ад таго месца, дзе зваліўся самалёт. Сёння ў Клічаве побач з братэрскай магілай з'явіўся новы абеліск. І гэта таксама заслуга пошукавікаў. Дзякуючы ім сваякі зараз ведаюць, дзе пахаваныя іх блізкія.

У выніку гэтай пошукавай аперацыі, якая доўжылася больш за год, спіс прапаўшых без вестак падчас вайны скараціўся яшчэ на два прозвішчы. Але на гэтым праца пошукавікаў не спыніцца. Тут, пад Клічавам, ішлі лютыя баі, а значыць, новыя імёны герояў абавязкова з'явяцца на абелісках.