Новыя формы сацыяльнага абслугоўвання ўкараняюць у Беларусі

20 января 2018

У сталіцы і Мінскай вобласці, напрыклад, гэта арт-тэрапія і інклюзіўны тэатр для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Увага ў першую чаргу - людзям сталага ўзросту, інвалідам і шматдзетным сем'ям. Заставацца ў цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання яны могуць цэлы дзень і паслугі такія поўнасцю бясплатныя. Расказвае Антаніна Станкевіч.

Для іх тэатр пачынаецца з грымёркі. Ружовыя шчокі, прычоскі, яркі колер на вуснах - усе каб ужыцца ў ролю. Дарэчы, уборы перад прэм'ерай таксама пашылі самастойна з дапамогай сацыяльных работнікаў, валанцёраў і модных часопісаў. На эксперымент з інклюзіўным тэатрам у сталічным цэнтры тэрытарыяльнага сацыяльнага абслугоўвання Партызанскага раёна пайшлі нядаўна. А зараз трупа з 32 чалавек актыўна гастраліруе па розных гарадах краіны.

Рознаўзроставая група, але, на жаль, многіх з іх аб'ядноўвае цяжкае захворванне. Удзел у такім тэатры - гэта развіццё памяці, моўных здольнасцей, а галоўнае - сацыялізацыя. Бадай што менавіта простых чалавечых зносін і не хапае людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

У гэтым пакоі нашай здымачнай групе прыходзіцца захоўваць цішыню - зараз тут ідуць заняткі з псіхолагам. Такім чынам дасягаюць дзвюх мэт: па-першае, пажылым людзям нясумна ў будні дзень, а па-другое - яны пад надзейным наглядам. Асаблівая ўвага тым, хто з-за ўзросту мае пэўныя ментальныя асаблівасці. Увесь дзень яны не толькі займаюцца з педагогамі - могуць адпачыць з кубачкам гарбаты.

Сталых людзей у вёсках захоўваюць не толькі ад адзіноцтва, але і ад банальных халадоў. Аляксандр Дзехцяроў з задавальненнем частуецца гарачай гарбатай, пірожаным, мандарынамі і іншымі прысмакамі. У гасцявую сям'ю мужчына прыязджае трэці год запар. Дарэчы, у раёнах гэта адна з самых папулярных сацыяльных паслуг. Адзінокіх людзей ахвотна прымаюць так званыя гасцявыя сем'і на святы, выхадныя, а то і на ўсю зіму.

Акрамя таго, запатрабаванымі застаюцца і правераныя формы сацыяльнага абслугоўвання. Дамы-зімоўкі і дамы сумеснага пражывання прывабліваюць людзей не толькі цеплынёй і ўтульнасцю, а і добрай кампаніяй.