Новыя фарматы дзіцячага адпачынку ў летніх лагерах

20 июня 2018

Адначасова з аздараўленнем атрымаць і новыя веды можна ў летніх лагерах. Сёлета фарматы адпачынку яшчэ больш пашырылі - ад адукацыйных да спартыўных. Напрыклад, у Вілейскім раёне можна падцягнуць замежную мову, асвоіць блогінг і ўзяць урокі журналістыкі. Для прыхільнікаў актыўнага адпачынку - спуск на байдарках, конныя прагулкі. Пра новыя фарматы дзіцячага адпачынку Марына Мураўёва.

Без гаджэтаў і звыклага камфорту. Правіла - тэлефон на гадзіну і толькі для размоў з бацькамі - абавязковае падчас адпачынку ў гэтым аздараўленчым цэнтры Вілейскага раёна. У астатні час квэсты, спартландыі, анімацыйныя праграмы. А яшчэ адукацыйныя. У інтэрактыўным фармаце вывучаюць замежную мову і дакладныя навукі.

Тут жа віртуальнае падарожжа па розных краінах, знаёмства з іх гісторыяй і культурай. А вось пазнаёміцца бліжэй з прыродным багаццем нашай краіны, прымераць амплуа Рабінзона Круза можна тут жа, побач, у палатачным лагеры на беразе Вілейскага вадасховішча.

Тэрыторыя лагера падзелена на некалькі лакацый. Поле для трэніровак па рэгбі і таэквандо. Крыты павільён на выпадак непагадзі, зараз там гуляюць у настольны тэніс. І самае папулярнае месца – ля вогнішча, дзе традыцыйна пад гукі гітары збіраюцца разам.

Працуе такі лагер сем змен і можа размясціць 180 чалавек ва ўзросце ад 9 да 16 гадоў. Жывуць адпачывальнікі ў кемпінгавых палатках, усталяваных на драўлянай падлозе.

Чацверты год запар у палатачны лагер прыязджаюць і выхаванцы сталічнага цэнтра дадатковай адукацыі «Эўрыка». Тут і каманда па рэгбі, прадстаўнікі гуртка па спартыўным арыентаванні і турызме, і ўдзельнікі ўзорнага ансамбля народнага танца «Жавараначкі».

Добрую традыцыю адпачынку ў палатачным лагеры падтрымлівае і Юлія Карневіч. У свае 15 яна кандыдат у майстры спорту па таэквандо, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы, пятая у свеце, за што атрымлівае прэзідэнцкую стыпендыю. Уражанні ад адпачынку ва ўладальніцы чорнага пояса самыя лепшыя.

Трапіць у палатачны лагер няцяжка - гэтак жа, як і ў іншыя аздараўленчыя. Накіраванне на адпачынак прапаноўваюць школы, гімназіі, цэнтры дадатковай адукацыі. Пуцёўку можна набыць і па месцы працы бацькоў, пры гэтым атрымаць датацыю на аздараўленне дзяцей.