Новаўвядзенні ў сталічным транспарце

25 июля 2017

Кантралёры без форменных камізэлек пачалі працаваць на тралейбусных маршрутах і ў электробусах. Нагадаем, з пачатку вясны рэвізоры ў цывільным правяраюць аплату праезду ў трамваях. Такая мера стала эфектыўнай, таму практыку вырашылі працягнуць і ў іншых відах грамадскага транспарту.

Аляксандра Кавеліч адправілася ў рэйд з рэвізорамі.

Замест звыклай сіняй камізэлькі - пінжак або куртка. У новым вобразе кантралёр Ала Белавежкіна цяпер правярае аплату праезду ў тралейбусах і электробусах. Рэвізор ўпэўнена – такое новаўвядзенне прыносіць свае вынікі, аднак адзначае – распазнаць правяраючага на прыпынку нядобрасумленным пасажырам часам усё ж такі ўдаецца.

Ала Белавежкіна, кантралёр пасажырскага транспарту:

"Зараз нас адсочваюць па бэйджыках і відэарэгістратарах. Але вынік усё роўна ёсць. Стала больш штрафаў, і мне здаецца, людзі часцей сталі аплачваць праезд".

Правяраем на практыцы - разам з рэвізорамі без спецыяльнай формы заходзім у тралейбус. Самыя ўважлівыя «зайцы» ўсё ж такі паспяваюць выскачыць з салона. Астатнія паказваюць кантралёрам талончыкі ці праязныя. Калі іх няма – прыходзіцца заплаціць штраф – 11 з паловай рублёў.

Пераймаць вопыт замежных калег сталічныя транспартнікі пачалі яшчэ вясной – тады форму знялі кантралёры на трамвайных маршрутах. Спосаб аказаўся эфектыўным, таму выкарыстоўваць яго вырашылі і ў іншых відах грамадскага транспарту.

Самі ж пасажыры да новаўвядзення ставяцца па-рознаму.

Каб не стаць ахвярай махляроў, варта ведаць, як павінен выглядаць сапраўдны кантралёр.

Адрозніць рэвізораў ад звычайных пасажыраў цяпер можна па пэўных прыкметах. Кантралёры заўсёды павінны мець з сабой заверанае пасведчанне і спецыяльнае прыстасаванне для праверкі аплаты. Толькі з такім наборам супрацоўнікі маюць права выйсці на маршрут.

Сустрэць рэвізора без спецыяльнай формы можна і ў новых электробусах. А вось на аўтобусных маршрутах такі эксперымент пакуль праводзіць не плануюць.