Наваполацк адзначае юбілей

8 июня 2013
Сёння апагей урачыстасцяў, пераконвае Алена Панцюхова.

Цяжка ўявіць, але 55 гадоў таму на месцы 100-тысячнага Наваполацка не было нічога - некалькі вёсак, вакол якіх распасціраліся балоты. Здарылася, што менавіта гэтае месца тагачаснае кіраўніцтва СССР выбрала для будаўніцтва найбуйнейшага ў Еўропе нафтаперапрацоўчага завода.

Гэта было 7 чэрвеня 1958 года. Сюды, на левы бераг Заходняй Дзвіны, на лодцы пераправілі працоўны дэсант. Каб разбіць палатку, будаўнікі ўбілі ў чыстым полі першы калок. З тых самых часоў гэты дзень лічыцца днём нараджэння Наваполацка.

Ужо за першую пяцігодку быў пабудаваны гіганцкі нафтаперапрацоўчы завод, быў атрыманы першы беларускі бензін, пабудаваныя аўтамагістралі і чыгуначныя шляхі, школа, дзіцячы сад, магазіны, і вядома, жылыя дамы.

Тагачасных наваполацкіх першабудаўнікоў раскідала па розных гарадах і вёсках. Але сустрэцца разам нават праз 55 гадоў для нафтабудаўцаў - справа святая.

Кардонны чамаданчык і кірзавыя боты - тыповы набор нафтабудаўца. А яшчэ - гармонік і гітара, пад якую ля вогнішча так добра спявалася. Сёння ў Наваполацку адкрылі музей камсамола, у памяць пра тых зусім юных самаадданых энтузіястах.

Наваполацк і сёння застаецца самым маладым горадам Беларусі. І што асабліва прыемна - горадам, які расце.

А яшчэ ў Наваполацку любяць гасцей. Даўнія партнёрскія адносіны звязваюць горад нафтахімікаў з пабрацімамі ў Расіі і Украіне, Літве і Латвіі, Францыі, Польшчы, Кітаі. На дзень нараджэння Наваполацка ў горад прыехала 14 замежных дэлегацый.