Помніку абарончай архітэктуры - Навагрудскаму замку - пагражае небяспека. Схіл з будынкам можа абрынуцца. У тэрміновым парадку пад руінамі адной з веж пачаліся працы па ўмацаванні вала. Аднаўленне праходзіць выключна пад кантролем Міністэрствы культуры і Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Якія меры прымаюцца для выратавання помніка, і для чаго ля падножжа замка пракладаюць дарогу? У праблеме разбіралася Алена Борматава.
Сімвал дзяржаўнасці, рэзідэнцыя і першая сталіца Вялікага княства Літоўскага. Помнік абарончай архітэктуры - Навагрудскі замак. Ратаваць руіны ад знішчэння пачалі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. Не так даўно правялі работы па кансервацыі Касцёльнай вежы. Яна была ў аварыйным стане. І тут упершыню ў сусветнай практыцы пры аднаўленні помнікаў архітэктуры быў прыменены метад замацавання вежы - прасторавая металічная канструкцыя. Не аднойчы праводзіліся археалагічныя даследаванні.
Летась быў зафіксаваны працэс разбурэння схілу пад Касцёльнай вежай. Адразу ж звярнуліся ў Міністэрства культуры. Помнік у дзяржаўным спісе гісторыка-культурнай спадчыны, таму ніякія работы самастойна праводзіць нельга. Пачалася праца па стварэнні праекта па ўмацаванні грунту.
Правялі замеры трэшчын, ставілі спецыяльныя маячкі, назіралі, наколькі павялічваюцца разломы, як паўплывалі прыродныя ўмовы на пашырэнне разрываў на схіле, даследавалі геалогію, гідралогію і стан вежавых падмуркаў. А месяц таму пачаліся работы па рэалізацыі праекта па ўмацаванні замкавага рова.
Для таго, каб умацаваць схіл пад Касцельнай вежай замка, трэба пракласці часовую дарогу для тэхнікі. Кожны этап будаўніча-выратавальных работ праходзіць пад наглядам спецыяліста Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, як таго і патрабуе заканадаўства нашай краіны ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
Канцэпцыя праекта - захаваць рэшткі Навагрудскага замка як трывалую руіну. Навукова-даследчая праца і сучасныя тэхнічна-кансервацыйныя методыкі адлюстраваны ў праекце. Дакументацыя зацверджана і прайшла ўсе неабходныя ўзгадненні.
Работы праводзіць мясцовае будаўніча-мантажнае ўпраўленне. Зараз неабходны невялікія карэкціроўкі ў праект - крыху змяніць трасу пракладкі часовай дарогі для пад'езду тэхнікі. Будуюць часовую дарогу і робяць часовы дрэнаж для адводу вады. Пасля кансервацыі схілу, будаўнічую каляіну засыпяць тым жа, шматвекавым грунтам. Ён паабапал праезду. Яго нікуды не звозілі. І ўвесь час ён даследуецца археолагам.
Усе работы, якія можна было правесці без пад'езду тэхнікі, правялі ўручную. Падрыхтоўвалі каналы на замкавых схілах. Пасля завяршэння падрыхтоўчых работ пачнецца этап выратавальнай працы.
Работа па ўмацаванні схілаў разлічана на тры з паловай месяцы. Тэрмін акрэслены ў тэхнічнай дакументацыі.













